Get Mystery Box with random crypto!

Цікавае пабочнае дзеяньне парацэтамола. Парацэтамол – распаўс | cybulinka.

Цікавае пабочнае дзеяньне парацэтамола.

Парацэтамол – распаўсюджаны прэпарат ад болю і высокай тэмпературы. Знайсьці яго можна пад рознымі гандлёвымі маркамі і ў складзе шмат якіх прэпаратаў ад прастуды. Аднак яшчэ ў мінулым годзе пачалі зьяўляцца звесткі, што названае рэчыва можа прымусіць людзей ісьці на неабгрунтаваныя рызыкі. Акрамя таго, дзеяньне парацэтамола распаўсюджваецца на нэрвову сыстэму і кранае некаторыя псыхалягічныя працэсы, паніжаючы ўспрымальнасьць да крыўды, эмпатыю і кагнітыўныя функцыі.

Навукоўцы з Унівэрсытэта штата Агаё зладзілі шэраг досьледаў па вывучэньні ўплыву адной дозы парацэтамола (1000 мг) на паводзіны чалавека. Студэнты, а іх набралося больш за 500, былі падзеленыя на 2 групы: першай давалі лек, а другой – падманку. Удзельнікам досьледу прапаноўвалася "надзьмуць" балёнік на кампутары да максымальных памераў. За выкананьне заданьня студэнтам налічваліся віртуальныя грошы, а калі балёнік лопаўся, то ўся сума згарала.

Вынікі паказалі, што студэнты з першай групы значна часьцей ішлі на рызыку і гублялі ўсе грошы, а вось у кантрольнай групе паводзіны былі больш асьцярожнымі. Аўтары прыйшлі да высновы, што сувязь паміж прыёмам парацэтамола і выбарам большай рызыкі існуе, але тут ўся справа можа быць не ў самім парацэтамоле, а ў тым, што ён проста паніжае агульную трывожнасьць.