Get Mystery Box with random crypto!

Падтрымваем заклікі выказаць сваю не толькі грамадзянскую, але | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Падтрымваем заклікі выказаць сваю не толькі грамадзянскую, але і хрысціянскую пазіцыю адносна падзей у нашай братэрскай Украіне. Мільёны простых людзей зараз пакутуюць толькі з-за таго, што двое старых дыктатараў-вар'ятаў вырашылі разгуляць геапалітычны гамбіт, спадзеючыся на тое, што ўсе атрымаецца і яны, пацешыўшы сваё самалюбства, застануцца ў плюсе.

Вось толькі адказваць за ўсё гэта будзем менавіта мы - простыя беларусы. Адказваць перад нашымі дзецьмі, адказваць перад сваім сумленнем, адказваць перад Богам. Выяўляючы абыякавасць да таго, што адбываецца, беручы ўдзел у рэферэндуме, мы толькі хлусім самі сабе. Бо мы моцныя, а галоўнае згуртаваныя духам мірныя людзі.

Паўтара года назад мы паказалі ўсяму свету што выступаем вылучна на боку чалавечых воляў, справядлівасці і праўды. Дзясяткі хрысціянскіх актывістаў розных канфесій проста зараз пакутуюць за кратамі (а некаторых, на жаль, ужо няма з намі), паказваючы сваім прыкладам, што значыць быць адданым Богу і свайму народу. Дзясяткі тысяч змушаных эмігрантаў, тысячы неабгрунтаваных крымінальных спраў і штрафаў...

Ці можам пасля гэтага заставацца ўбаку?

Ці можам мы ўзяць і адрынуць тое, дзеля чаго змагаліся гэтыя паўтара года?

Ці можам мы заплюшчыць вочы на пакуты нашых братоў-хрысціянаў? Асабліва пасля сітуацыі з мігрантамі, якім хрысціянскія дабрачынныя арганізацыі збіралі дапамогу, нягледзячы на тое, што прывоз бежанцаў быў чарговай спробай Л3% і яго гаспадара націснуць на краіны Захаду.

Няўжо цяпер мы застанёмся абыякавымі?

Няўжо адмовімся ад ідэі міру, ідэі стварэння той самай краіны, якая сапраўды будзе краінай для жыцця? Для жыцця ў ПРАЎДЗЕ, узаемапавазе і любові.

Не заклікаем. Проста задаём пытанні, на якія мы ўжо сабе адказалі.

Не адмовімся. Не застанёмся ўбаку.

Божа, дапамажы Украіне і дай сіл выстаяць нам, простым беларусам.

Слава Украіне!
Жыве Беларусь!