Get Mystery Box with random crypto!

Настаўніца ці ксёндз: за кратамі можа быць кожны, хто думае. | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Настаўніца ці ксёндз: за кратамі можа быць кожны, хто думае.

Я ксёндз з нетыповым досведам, а менавіта, дзесяць дзён знаходзіўся за кратамі ІЧУ Віцебскага СІЗА -2 па вул. Гагарына 2. Аднак, гэта хучэй заканамернасць, чым нейкае дзіва, бо сёння там сядзіць мая быўшая настаўніца з сярэдняй школы нумар 3 у Мёрах Сцепулёнак Эма Антонаўна.
 
Спрабуючы ў памяці аднавіць падзеі трыццацігадовай даўніны, прыходжу да высновы, што ў сённяшніх беларускіх рэаліях, няма нічога дзіўнага, што пенсіянерка-настаўніца знаходзіцца за кратамі. Не, не таму што настаўніца з крымінальным адхілам, але таму, што з усімі намі штосьці не так.  

Эма Антонаўна выкладала беларускую літаратуру, а таксама часова і рускую. Яна была настаўніцай з моцным духоўным стрыжнем. Яна была сапраўднай. Крывадушніцтва і прыстасавальніцтва было абсалютна чужое для яе. Я канешне не ідыалізую чалавека, бо па-моладасці была яна і камуністкай, і працавала ў райкаме. Але разам з тым, ніхто  ў каго я не пытаўся, не засведчыў аб тым, што яна пераследавала дзяцей у школе па рэлігійных матывах. А вядома як непроста было дзецям у 80-ые гады вытрымоўваць ціск з боку тых настаўнікаў, якія шчыравалі ў атэістычным выхаванні школьнікаў. Некаторым такая вернасць каштавала вельмі шмат здароўя. Але ж тут не аб гэтым мова, але аб тым, што яна не запэцкалася ў той бруднай справе. 

Асабіста ж сам магу прыгадаць з якой павагай яна ставілася да іншадумства сваіх вучняў і нават, я б сказаў, што мае рэлігійныя перакананні, якіх я ніколі не хаваў, яна ўспрымала з шацункам. Зрэшты, як потым высветлілася, гэта і не дзіўна, бо яна сама выхоўвалася маці-каталічкай і, вядома, сама настаўніца, як узгадваюць яе пазнейшыя вучні, таксама наведвала храм. 
....
Зрэшты, я ад яе пачуў пра тое, што існуе такі твор, як 1984. На яго яна вельмі моцна звяртала ўвагу і раіла прачытаць, каб у жыцці ўсіх нас раптам не было бяды. 
Відавочна ў Мёрах не ўсе прачыталі гэтую кнігу, бо бяда ўсё ж здарылася....
....
А праваахоўчыя органы замест таго, каб паслухаць, так бы мовіць, экспертнае меркаванне, пасадзілі за краты настаўніцу.
Ведаеце, бяда нашага грамадства сёння ёсць у тым, што мы перасталі слухаць настаўнікаў, якія вучаць думаць. Ну, і на жаль, на службу ў сілавыя структуры, падаецца, ўсё часцей прымаюць тых людзей, якія кніжак не чыталі і думаць у школе не навучыліся. 

І вось пакуль найлепшых настаўнікаў трымаюць за кратамі, няхай ніхто не думае, што грамадства ў Беларусі развіваецца эвалюцыйным шляхам. Настаўнікі за кратамі сведчаць аб тым, што мы, як грамадства, звярнулі ў тупіковы напрамак, мы дэградуем. А такі шлях непазбежна прывядзе да выбуха. Так як кожны гнайнік на целе раней ці пазней прарывае, так і "гнайнік" беззаконня на целе беларускага грамадства не будзе расці вечна. Яго прарве, грамадства ачысціцца. Такі працэс балючы, непрыемны, часам выклікае сорам і агіду, але ён непазбежны. 

У Беларусі ёсць настаўнікі, якія фальсіфікуюць выбары, заганяюць дзяцей у БРСМ, так бы мовіць, абслугоўваюць рэжым, а ёсць і такія, якія вучаць дзяцей думаць і рыхтуюць вучняў да адказнага жыцця ў грамадстве і, нават будучы на пенсіі, дбаюць пра выхаванне народа.
На жаль, сёння шмат такіх настаўнікаў як Эма Антонаўна церпяць пераслед і нямала з іх пазбаўленыя волі.

У гэтай сувязі я прыгадаю, штр для хрысціяніна роля настаўніка мае асаблівы сэнс.
Госпад сам параўновае сябе з настаўнікам. У кнізе Другазаконня нагадвае: "І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго." (Дрг 8,5).  

З удзячнасці перад Госпадам за тое, што Ён навучыў нас і зрабіў гэта між іншым таксама і праз настаўнікаў у школе, я прашу, падтрымайце настаўнікаў за кратамі. Падтрымайце Эму Антонаўну. 
Слаць дапамогу за краты - гэта ўчынак наскрозь прасякнуты духам хрысціянства.

Падтрымаць Эму лістамі, грашовымі пераводамі і бандэролькамі: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Эма Антонаўна Сцепулёнак