Get Mystery Box with random crypto!

Пра пазіцыю 'праваслаўнага атэіста' адносна Каталіцкага касцёл | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Пра пазіцыю "праваслаўнага атэіста" адносна Каталіцкага касцёла і адкуль яна ўзялася

Проста гарталі тэлеграм і пасля чытання задумаліся.
" У 1976 годзе 11-гадовы Грыша Рудак, савецкі піянер і выдатнік Мацькаўскай школы, паглядзеў па беларускім тэлебачанні праграму пра тое, што трэба шанаваць помнікі архітэктуры. Паглядзеў і напісаў на тэлебачанне ліст пра касцёл у суседніх з яго роднай вёскай Альковічах.
Хлопчык справядліва палічыў будынак канца 19-пачатку 20 стагоддзя помнікам архітэктуры і адрасаваў ліст пра кепскі стан касцёла, у якім у 1969 годзе здарыўся пажар ад маланкі. Мясцовым уладам давялося апраўдвацца... за пазіцыю хлопчыка: «Мальчик, ошибочно полагая, что здание костёла в д. Ольковичи также относится к числу архитектурно-художественных памятников, проявил заботу о сохранении этого здания».

Няма дзіва, што па просшествии гадоў былы палітпрацаўнік савецкага рэжыму максімальна негатыўна ставіцца да каталікоў і абірае для сябе "слушных паплечнікаў". Сапраўды, ён проста жыве той парадыгмай, шчыра верачы, што ён па-майстэрску "разыгрывае гамбіт", імплементуючы ў свае неасавецкія думкі рэлігійную павестку, у выглядзе кантраляванай (часткова) органамі КДБ канфесіі, ушчамляючы пры гэтым іншыя.

Паводзіцца Лукашэнка тут тыповай усталёўкай філасофіі ўтылітарызму, якая ў трактоўцы Джэрэмі Бентама разглядае інтарэсы большасці вышэй за інтарэсы меншасці. Не ўпэўнены, праўда, што спадар 3% чуў пра Джэрэмі Бентама - дзее ён хутчэй грунтуючыся на той ідэалагічнай базе, якую ў яго заклалі марксісцка-ленінскія ідэолагі, аднак імаверна, што яны якраз ткі пра Бентама чыталі.

Крыўдна, што з разу ў раз падобныя стара-нова савецкія выхадкі Лукашэнкі, будзь то разгон мірных пратэстоўцаў, публічнае клеймаванне каталікоў альбо ж выкарыстанне ручных прапагандыстаў працягваюць знаходзіць водгук у пэўнай часткі нашага грамадства.

Лічым сваім абавязкам напомніць усім, у тым ліку і сабе. Можна колькі хочаш не падзяляць пазіцыі Лукашэнкі, смяяцца над пэрламі Грышкі Азарёнка і пры гэтым не праводзіць, прабачце за советсткий тэрмін, тлумачальную працу сярод тых, хто мае сумневы. Успомніце як мы абмяркоўвалі не зусім выразную пазіцыю нашага епіскапату. Мы казалі і працягваем казаць: шмат што залежыць ад нас саміх. Ад таго, наколькі мы самі гатовы выдаткаваць нейкія душэўныя і маральныя сілы дзеля адкрыцця вачэй нашым блізкім. Ад таго, наколькі мы гатовы назапасіцца цярплівасцю і кожны дзень верыць і рабіць тое, што наблізіць да ўрачыстасці Праўды.

І пра прапагандыстаў. Нам вельмі нязручна, што мы ўрываемся на чужую тэрыторыю, але ўсе ж не можам змаўчаць. Узяць тую ж ігуменню Гаўрыілу. Кабету, якая ніколі не любіла Каталіцкі Касцёл, дарыла торты АМАПу, атрымала ордэн Францыска Скарыны і атрымала званне «супержанчыны» на канале ОНТ. Дзе ж яна апынулася? Менавіта так. У лагістычным цэнтры, дзе крыжам асяняла мігрантаў-мусульманаў, раздаючы пры гэтым ласункі. Выглядае ўсё гэта, праўду кажучы, дзіўна, улічваючы стасункі ігуменні з цяперашнім нелегітымным кіраўніком краіны. Прытым дзіўна адразу з двух бакоў. Складаецца ўражанне, што праўладная прадстаўніца замяшанай у непрыемных гісторыях Царквы вітае мігрантаў, тым самым перадаючы мэсідж свайго «апекуна». Пры гэтым, ведаючы, што мігранты – мусульмане, ігуменія, на наш сціплы пагляд, проста дэвальвуе Хрысціянства, прапануючы дзецям перахрысціцца за шакаладку. Недальнабачна, улічваючы яе каласальны досвед.

Пазітыўна (калі забыць пра спрэчкі адносна патрэбы дапамогі мігрантам) выглядаюць дзеянні таго ж Карытаса і асобных прадстаўнікоў Касцёла, якія не навязваючы сваёй рэлігіі разам з мусульманамі забяспечваюць мігрантаў патрэбнымі рэчамі.

У завяршэнні хочам сказаць, што крыўдна бачыць як Лукашэнка выкарыстоўвае міграцыйны крызіс не толькі як спробу ціску на ЕЗ дзеля легітымізацыі, але яшчэ і для чарговага падзелу нашага грамадства, а таксама адцягненні ад рэальных праблем – палітычных зняволеных і існавання крывавага рэжыму. Просім усіх па-за залежнасцю ад паглядаў на міграцыйны крызіс не забываць галоўнага – мы павінны быць маналітам, які пад жадным ціскам не зломіцца.

Жыве!