Get Mystery Box with random crypto!

Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены Шматлікія мучэнні і | Грэка-католікі Беларусі

Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены

Шматлікія мучэнні і пакуты з’яўляюцца для нас напамінам і сродкам навяртання. Але Святое Пісанне не абяцае нам спакою, цішы і бяспекі. Наадварот. Евангеллі кажуць пра цярпенні, уціск і згаршэнні. Аднак «той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мц 10, 22). І што ж было добрага калі-небудзь у зямным жыцці, пачынаючы ад першага чалавека, праз якога прыйшла смерць; які наклікаў праклён, ад якога вызваліў нас Хрыстос?

Таму мы не павінны, браты, згодна са словамі Апостала, наракаць «як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка» (1 Кар 10, 10). Што ж такога вялікага сустрэла цяпер людзей, чаго не спазналі продкі? Або, калі мы зносім нашыя цярпенні, ці разумеем, як цярпелі тыя? Аднак ты лёгка знойдзеш людзей, якія наракаюць на свой час і перакананыя, што час, калі жылі продкі, быў добры. Але, калі б можна было перанесці іх у тыя часы, яны б зноў наракалі. Паколькі ты думаеш, што той час быў добры, то лічыш так таму, што той час ужо не твой.

Калі ты вызвалены ад праклёну, калі паверыў у Божага Сына, калі ты пазнаў ці нават спасцігнуў Святыя Пісанні, то я вельмі дзіўлюся, калі ты кажаш, што Адам жыў у добры час. Твае бацькі таксама былі абцяжараныя спадчынай Адама. Менавіта Адаму было сказана: «У поце аблічча свайго будзеш здабываць хлеб і працаваць на зямлі, з якой ты быў узяты: церні і пустазелле яна будзе табе даваць» (пар. Быц 3, 19. 18). Вось што ты заслужыў, вось што атрымаў, што спазнаў паводле слушнага прысуду Бога. Чаму ж думаеш, што былыя часы лепшыя за твае? Ад таго Адама да сённяшняга Адама – цяжар, пот, церні і мучэнні. А можа напаткаў нас патоп? А можа сустрэлі нас цяжкія часы голаду і войнаў, пра якія чытаем, каб сёння мы наракалі на Бога?

Наколькі жахлівым быў той час! Ці ж не трапечам мы, слухаючы ды чытаючы пра тыя падзеі? Давайце ж радавацца лепш цяперашняму часу, а не наракаць.

Св. Аўгустын