Get Mystery Box with random crypto!

Заручуся з табою навекі Душа, з’яднаная з Богам і пераменена | Грэка-католікі Беларусі

Заручуся з табою навекі

Душа, з’яднаная з Богам і перамененая ў Ім, звяртаецца да Бога тым узнёслым у Богу памкненнем, якім Бог звяртаецца ў ёй да Сябе, як яе ўзор. Гэта – наколькі я добра разумею – хацеў выразіць св. Павел, калі казаў: «Паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Ойча!» (Гал 4, 6). Менавіта гэта дзеецца ў людзях дасканалых.

Няхай нас не здзіўляе тое, што душа можа здзяйсняць такія незвычайныя рэчы. Паколькі Бог удзяляе ёй ласку Боскага з’яднання з Найсвяцейшай Тройцай, чаму яна не можа здзяйсняць свой чын разумення, пазнавання і любові ў Тройцы і разам з Тройцай, падобна як Тройца сама здзяйсняе гэта, аднак, заўсёды дзякуючы ўдзелу, бо Сам Бог здзяйсняе ўсё ў ёй.

Немагчыма выказаць выразна і дакладна, як гэта адбываецца, бо можна толькі паказаць спосаб, праз які Сын Божы выслужыў нам гэтую непараўнальную годнасць і ўчыніў так, што мы сталіся Божымі дзецьмі. Таму Ён так просіць Айца: «Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць» (Ян 17, 24), каб яны дзякуючы ўдзелу выконвалі тыя справы, якія Я здзяйсняю. Кажа таксама: «Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне» (Ян 17, 20-23).

Так дзеецца, калі Ён перадае ім тую самую любоў, якую перадаў Сыну, аднак, не натуральным чынам, як у выпадку Сына, але праз з’яднанне і перамяненне любові. Бо не трэба думаць, што Сын просіць Айца, каб вернікі былі адно па прыродзе і сутнасці, як Айцец і Сын ёсць адно, але толькі, каб былі адно ў любові, падобна як Айцец і Сын ствараюць еднасць у любові. Менавіта таму душы маюць тыя самыя даброты праз удзел, якія мае Бог па сваёй прыродзе; таму яны сапраўды Боскія дзякуючы ўдзелу, яны падобныя і блізкія самому Богу.

Таму св. Пётр кажа: «Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Ісуса, нашага Госпада. Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню Таго, Хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы, праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай прыроды» (2 Пт 1, 2-4). Так ёсць, што душа ўдзельнічае ў дзеянні Тройцы праз згаданую еднасць. У будучым жыцці гэта адбудзецца больш дасканала, але ў гэтым жыцці душа атрымлівае смак гэтага і надзейную гарантыю.

О душы, створаныя, каб радавацца такімі вялікімі дарамі! Што ж вы робіце? Чым займаецеся? О няшчасныя сляпыя сыны Адама! Перад такім вялікім святлом вы застаецеся сляпымі! Перад такім магутным заклікам застаецеся глухімі!

Св. Ян ад Крыжа