Get Mystery Box with random crypto!

Уся святасць і дасканаласць душы заключаецца ў любові Ісуса Хр | Грэка-католікі Беларусі

Уся святасць і дасканаласць душы заключаецца ў любові Ісуса Хрыста, нашага Бога, нашага найвышэйшага Дабра і нашага Адкупіцеля. Гэтая любоў яднае і падтрымлівае ўсе цноты і робіць чалавека дасканалым.

Хіба Бог не заслугоўвае на ўсю нашую любоў? Ён спрадвеку нас палюбіў. «Чалавеча, падумай, – кажа нам Бог, – Я першы палюбіў цябе. Яшчэ не было цябе на свеце, ні свету яшчэ не было, а Я ўжо тады палюбіў цябе. Колькі існую, столькі люблю цябе».

Бог, ведаючы, што чалавека можна здабыць праз дары, вырашыў сваімі дабрадзействамі абавязаць чалавека любіць Бога. «Хачу прыцягнуць людзей тымі кайданамі, якім яны ахвотна паддаюцца – кайданамі любові».

Менавіта гэта маюць на мэце ўсе дары, якія Бог даў чалавеку. Ён даў яму душу, адораную паводле Яго вобраза памяццю, розумам і вольнай воляй; даў цела з пачуццямі; стварыў для яго неба і зямлю разам з усёй разнастайнасцю стварэнняў. Усё гэта рабіў з любові да чалавека, каб усе стварэнні служылі чалавеку, а чалавек любіў Бога, Даўцу такіх шматлікіх дароў.

І не толькі пажадаў даць нам столькі цудоўных, створаных Ім дароў. Каб здабыць нашую любоў, пайшоў аж да ахвяравання Самога Сябе. Спрадвечны Айцец так моцна нас палюбіў, што Сына свайго Адзінароднага даў нам. Што ж Ён зрабіў, калі ўбачыў нас усіх, занураных у грахоўнай смерці і пазбаўленых Яго ласкі? У сваёй бязмежнай любові, а нават – як піша Апостал – у празмернай сваёй любові паслаў Свайго Сына, каб учыніць уміласціўленне за нас і вярнуць нам адабранае праз грэх жыццё.

Даючы нам Сына, якога не пашкадаваў, каб зберагчы нас, даў нам разам з Ім усялякія даброты: даў ласку, любоў, шчасце раю – але ўсе гэтыя дары меншыя за дар Сына: «Той, Які Сына Свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?» (Рым 8, 32).

Св. Альфонс Марыя Лігуоры