Get Mystery Box with random crypto!

Пазбягай таго, што звязана з заганнымі справамі, ды і іншых пе | Грэка-католікі Беларусі

Пазбягай таго, што звязана з заганнымі справамі, ды і іншых перасцерагай. Жанчынам, сёстрам маім, скажы, каб любілі Госпада і былі верныя сваім мужам целам і душою. І братам маім загадай у імя Хрыста, «каб яны любілі сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву» (пар. Эф 5, 25). Калі хтосьці ўмее вытрываць у чыстасці дзеля хвалы цела Госпада, няхай будзе пакорным. Аднак, калі гэтым ганарыцца, упадзе; калі лічыць сябе больш годным за біскупа, згіне. Выпадае, каб мужчыны і жанчыны заключалі сужэнства з ведання біскупа, каб сужэнствы былі паводле волі Госпада, а не паводле пажадлівасці. Няхай усё дзеецца дзеля Божай хвалы.

Трывайце ў лучнасці з біскупам, каб і Бог быў з вамі. Сваё жыццё ахвярую за тых, хто паслухмяны біскупу, прэзбітэрам, дыяканам; каб разам з імі мець удзел у Богу. Супрацоўнічайце адзін з другім, разам змагайцеся, разам бяжыце, разам зносьце цярпенні, разам адпачывайце як належыць распарадчыкам, супрацоўнікам і слугам Бога. Старайцеся падабацца таму, дзеля каго змагаецеся і ад каго атрымаеце плату. Няхай не будзе сярод вас здрадніка. Няхай хрост будзе вашым шчытом, вера – шлемам, любоў – дзідаю, цярплівасць – зброяй. Няхай вашыя добрыя ўчынкі будуць вашым скарбам, каб вы мелі права атрымаць калісьці належнае вам. Будзьце поўныя лагоднасці адны да адных, як і Бог лагодны да вас. Каб вы былі маім пастаянным гонарам.

Хрысціянін не жыве для сябе, але знаходзіцца на служэнні ў Бога. Калі здзейсніце гэта, то будзе гэта справай Бога і вашай. Спадзяюся, што дзякуючы Яго ласцы вы гатовыя здзейсніць добрыя справы на Божую хвалу. Паколькі я ведаю вашыя змаганні за праўду, накіроўваю вам кароткія словы заахвочвання.

Жадаю вам поспеху ў Богу нашым Ісусе Хрысце. Праз Яго трывайце ў еднасці і апецы Бога. Бывайце ў Госпадзе.

Св. Ігнат Антыяхійскі