Get Mystery Box with random crypto!

Па-над усім заклікаем вас, браты, да любові ўзаемнай не толькі | Грэка-католікі Беларусі

Па-над усім заклікаем вас, браты, да любові ўзаемнай не толькі паміж сабою, але таксама і да тых, хто застаецца звонку, ці то да язычнікаў, якія яшчэ не прызнаюць Хрыста, ці то да адлучаных ад нас, гэта значыць тых, якія разам з намі прызнаюць Галаву, але не хочуць належаць да Цела. З болем думаем пра іх як пра нашых братоў. Хочуць ці не хочуць, яны нашыя браты. Яны не былі б нашымі братамі, калі б перасталі заклікаць: «Ойча наш» (Мц 6, 9).

Калісьці прарокі казалі: «Тым, хто вам кажа: “Вы не нашыя браты”, скажыце: “Вы браты нашыя”» (Іс 66, 5). Падумайце, пра каго мог так сказаць прарок: пра язычнікаў? Не, бо мы не называем іх братамі згодна з моваю Царквы, а таксама Пісання. Тады можа пра габрэяў, якія не паверылі ў Хрыста?

Чытайце Пасланні св. Паўла і пераканайцеся, што калі кажа «браты» без ніякага дадатку, мае на ўвазе выключна хрысціянаў: «А ты чаму асуджаеш брата свайго? І чаму ты пагарджаеш братам сваім?» (Рым 14, 10). І ў іншым месцы: «Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў!» (1 Кар 6, 8).

Тыя, хто нам кажа: «Вы не нашыя браты», лічаць нас язычнікамі. Таму хочуць хрысціць нас нанова з перакананнем, што даюць нам тое, чаго мы не маем. Менавіта ў гэтым выражаецца памылка непрызнання нас братамі. Дык чаму ж нам сказаў прарок: «Адкажыце ім: “Вы нашыя браты”», калі не таму, што мы бачым у іх тое, чаго не паўтараем. Яны не прызнаюць нашага хросту і не лічаць нас братамі, мы ж, не паўтараючы ўдзеленага імі, але прызнаючы іх хрост сваім уласным, кажам: «Вы нашыя браты».

Калі вам скажуць: «Чаму нас шукаеце? Чаго хочаце ад нас?». Мы адкажам: «Вы нашыя браты». Калі скажуць: «Пакіньце нас у спакоі; мы не маем з вамі нічога агульнага». Аднак мы маем шмат агульнага: вызнаём таго самага Хрыста, таму павінны быць у адным Целе, падпарадкаваныя адной Галаве.

Браты, мы заклінаем вас праз гэтую велізарную любоў, малаком якой кормімся, хлебам якой падмацоўваемся, заклінаем Хрыстом, Госпадам нашым, праз Яго ласкавасць (ужо пара, каб мы засведчылі ім вялікую любоў і шчодрую міласэрнасць, просячы Бога, каб даў ім нарэшце цвярозы розум, каб яны апамяталіся і пераканаліся, што нічога не маюць, што маглі б супрацьпаставіць праўдзе; засталася ў іх толькі хвароба заўзятасці, якая тым больш аслабляе, чым больш набірае моц), маліцеся з гарачай любоўю да Бога за слабых, за мудрых паводле цела, пачуццёвых і цялесных. Гэта нашыя браты: удзяляюць тыя самыя таінствы. Хоць і не з намі, але тыя самыя. Адказваюць адно «Амін», хоць і не з намі, але тое самае «Амін».

Св. Аўгустын