Get Mystery Box with random crypto!

+На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 23-24-25 чэрвеня+ | Грэка-католікі Беларусі

+На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 23-24-25 чэрвеня+
=Акафіст святым апосталам Пятру і Паўлу
– з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны.

ДЗЕНЬ ІІI (23.06)
Кандак 3 (Пятра)
Ты, апостале, сумеўся, угледзеўшы абрус, поўны ўсялякіх жывёлаў чыстых і нячыстых, што спускаўся згары. І загадана табе было тройчы, забіўшы іх, есьці. Гэта быў знак чалавекалюбства Божага, каб не адкідаць ніводнага народу, што жадае верыць у Хрыста Ісуса. Ты ж, зразумеўшы гэтую тайніцу, усклікнуў: Алілуя.

Ікас 3
“Ад нараджэньня ніколі не каштаваў я нячыстай стравы”, – сказаў ты, блаславёны апостале Пятро; але Боскі провід хутка табе стаўся ясным, калі ты пачуў: “Што Бог ачысьціў, ты не лічы нячыстым”. Гэта быў табе знак, што не праведных, а грэшных прыйшоў Хрыстос клікаць да пакаяньня. Дык і мы клічам:
Радуйся, Пятро апостале, што міласьціва адчыняеш нам уваход у валадарства;
Радуйся, хуткі памочніку ўсіх хрысьціянаў у патрэбе;
Радуйся, што не глядзіш на мноства грахоў, але малое пакаяньне прымаеш;
Радуйся, магутны заступніку, што ацаляеш немачных, якія прыбягаюць да цябе;
Радуйся, што малітваю тваёю ўваскрасіў многіх памерлых;
Радуйся, адважны змагару, што словам, быццам стралою, няверных раніш;
Радуйся ты, чый цень, дзеля вялікай веры тваёй у Хрыста, нядужых ацаляў;
Радуйся ты, што Нэрона цара і Сымона ведзьмара быццам льва і гадзюку перамог;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, што быццам два хэрувімы, ківот Хрыстовы сьцеражэце;
Радуйцеся, што крыламі вашымі малітаўніцу і сьвятое сьвятых ацяняеце;
Радуйцеся, багалюбныя дванаццаць апосталаў, пасланыя на аб'яўленьне цудаў Хрыстовых;
Радуйцеся, дванаццаць дарагіх камянёў на грудзях Ааронавых;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.

ДЗЕНЬ ІV (24.06)
Кандак 4 (Паўла)
Ты зьдзівіў жыхароў Дамаску, пачаўшы прапаведаваць ім веру ў Хрыста Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле. Бо яны казалі: “Ён раней перасьледаваў тых, што верылі ў імя Хрыстова, і прыйшоў сюды, каб, зьвязаўшы іх, аддаць на мукі. Дык як жа ж ён так раптам зьмяніўся? Ён годны сьмерці”. Ты ж, блаславёны, бачачы іхнюю бессардэчнасьць і асьляпленьне духоўнае, адышоў адтуль, спусьціўшыся па сьцяне ў кашолцы, і ўсклікнуў: Алілуя.

Ікас 4
Поўны руплівасьці, ты пачаў прапаведаваць ня толькі гэбраям, але і ўсім народам, каб ухіляліся ад служэньня Старому Закону і ад абрэзаньня, а сьпяшаліся да Боскага хрышчэньня. Ты стаўся для ўсіх выдатным настаўнікам. Дзеля гэтага клічам:
Радуйся, Паўле апостале, Богам пасланы на абвяшчэньне грэшнікам пакаяньня.
Радуйся, мілагучная труба, што абвясьціла сьвету збавенную навуку;
Радуйся, прапаведніку дабрадзейнасьці і дрэнных нораваў выкрывальніку.
Радуйся, міласэрны прыймальніку ўсіх, што да веры Хрыстовай прыходзяць;
Радуйся, выбраны посудзе, поўны багацьця духоўных вучэньняў;
Радуйся, карабель, што вязе груз пакаяньня;
Радуйся, бескарысьлівы лекару нядужых і хуткі пацяшыцелю сумных;
Радуйся, што паказваеш праўдзівы шлях для тых, што зблудзілі, і мудра навучаеш няўмекаў.
Радуйцеся, Пятро і Паўле, дзьве кветкі поўныя духмянасьці, што ніколі ня вянуць;
Радуйцеся вы, што ацаляеце духмянасьцю вашаю ўсялякае беззаконьне;
Радуйцеся, Богам пакліканыя дванаццаць апосталаў, пасланыя прапаведаваць валадарства Божае;
Радуйцеся, дванаццаць знакаў нябесных, што асьвятлілі ўсякі блуд на зямлі;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.

ДЗЕНЬ V (25.06)
Кандак 5 (Пятра)
Ты, дастойны апостале Пятро, быў пакліканы ад лоўлі рыбаў і клопатаў зямных, як пракарміць дзетак сваіх. Уверыўшы, ты пайшоў за Хрыстом, які накарміў пяцьцю хлябамі столькі ж тысяч народу, і яшчэ засталося дванаццаць кашоў астаткаў. Несучы разам з іншымі апосталамі гэтыя астаткі і абліваючыся потам, у зьдзіўленьні ты ўсклікнуў: Алілуя.