Get Mystery Box with random crypto!

Францішак Скарына (1490 - 1551) быў не толькі беларускім і ўсх | MovaMed

Францішак Скарына (1490 - 1551) быў не толькі беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, асветнікам-гуманістам, грамадскім дзеячам, пісьменнікам, перакладчыкам і выдаўцом першых кніг на нашай мове. Ён быў таксама прафесійным лекарам, доктарам медыцыны.

Гады жыцця і творчасці Ф. Скарыны прыпалі на самы змрочны перыяд за ўсю гісторыю еўрапейскай цывілізацыі - эпоху Сярэднявечча, час поўнага заняпаду навукі, культуры, адукацыі, права, грамадскага і гаспадарчага жыцця.

У 1088 г. быў заснаваны першы еўрапейскі ўніверсітэт - Балонскі. Восенню 1504 г. у Кракаўскім універсітэце 14-гадовым хлапчуком пачаў вучыцца Францішак Скарына.Там ён атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў, а затым - ступень магістра і медычную адукацыю.

Ступень доктара медыцыны Францішак Скарына атрымаў у Падуанскім універсітэце ў 1512 г. Дактароў медыцыны ў той час было няшмат, яны працавалі на кафедрах універсітэтаў, узначальвалі шпіталі, працавалі пры дварах каралёў і магнатаў.

Пасля Францішак Скарына займаўся лекарскай практыкай і рыхтаваўся да сваёй далейшай кнігавыдавецкай дзейнасці. А ў апошнія гады свайго жыцця Скарына зноў вярнуўся да сваёй першай прафесіі, працуючы ў якасці садоўніка і лекара пры двары караля Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанда.

Тагачасная медыцына знаходзілася ў бездапаможным стане. Навуковым вышукам і адкрыццям вучоных, як і ўвогуле навуцы, ставіла шчыльную заслону Царква. Тое нямногае, што было дапушчана ёю ў якасці кананічных медыцынскіх і багаслоўскіх поглядаў на чалавека і яго хваробы, не магло пераглядацца ў святле новых дадзеных; адступленне ад канонаў лічылася ерассю і жорстка каралася інквізіцыяй. Якраз пры жыцці Францішка Скарыны за такія «правіны» пайшоў на вогнішча Джардана Бруна, прынялі пакутніцкую смерць многія іншыя даследчыкі прыроды, ад сваіх поглядаў адмовіўся Галілеа Галілей...

Нават веды пра будову чалавечага цела былі далёкімі ад сапраўднасці і не маглі выпраўляцца, бо анатаміраванне целаў нябожчыкаў (за рэдкімі выключэннямі) забаранялася пад пагрозай смерці. Панавала тэорыя паходжання хваробаў як пакарання за грахі. Тэрапія зводзілася да малітваў, замоваў, амулетаў і рэлігійных пастоў. Шырока ўжываліся толькі клізмы і кровапусканні, а з лекаў — адвары, настоі, прысыпкі і мазі са шматлікіх зёлак, некаторыя мінералы і рэчывы жывёльнага паходжання. Раны прыпальвалі жалезам або залівалі кіпячым алеем ці смалою. Не было ніякага ўяўлення пра мікробы і інфекцыі. Любое сур’ёзнае захворванне ці раненне звычайна заканчвалася смерцю.

Да станаўлення прафесійнай медыцыны, што з’явіцца пры Адраджэнні, заставалася яшчэ каля стагоддзя, але, як і айцец медыцыны Гіпакрат у свой час, так і доктар Скарына ў гады Сярэднявечча годна займаўся сваёю высакароднаю справаю.