Get Mystery Box with random crypto!

'Сярод беларусаў, раз'юшаных скоцкім стаўленнем украінскіх дзя | Білоруський інформаційний центр

"Сярод беларусаў, раз'юшаных скоцкім стаўленнем украінскіх дзяржаўных органаў да беларусаў, а таксама хейтам з боку асобных украінцаў, пачынаецца небяспечная тэндэнцыя. Пачынаюцца абвінавачванні ў бок усіх украінцаў, якія яны недальнабачныя, абмежаваныя, імпульсіўныя, як яны нічога не разумелі і не разумеюць пра Беларусь. У гэтым хейце і дыскрымінацыі беларусаў хочуць абвінаваціць усіх украінцаў, але гэта НЯПРАВІЛЬНАЯ, НЕСПРАВЯДЛІВАЯ І ШКОДНАЯ пазіцыя.

Не абвінавачвайце ўкраінскі народ, бо гэта самае простае, што зараз можна зрабіць. Ён, папраўдзе, мала ведае пра Беларусь. Гэтую спіраль нянавісці супраць беларусаў сярод украінцаў у 2020-2022 годзе распальвалі канкрэтныя людзі. Паўтаруся, канкрэтныя людзі. Гэта былі асобныя ўкраінскія "эксперты", публіцысты, журналісты, палітыкі і блогеры, якія свядома (падкрэсліваю, свядома) за грошы Лукашэнкі і ўкраінскіх алігархаў, па крамлёўскіх метадычках, распаўсюджвалі ва Украіне хлуслівыя наратывы пра беларускую апазіцыю і пратэсты. Менавіта яны засіралі мазгі ўкраінцаў пра тое, што беларуская апазіцыя -- "прарасійская", што за пратэстамі стаіць Крэмль. Засіралі ўкраінцам мазгі, што Лукашэнка (з усімі ягонымі недахопамі) можа быць прыймальным варыянтам для Украіны, бо прыкрые паўночную мяжу Украіны (і ўкраінцы, нават сілавы блок краіны, у гэтую лухту паверылі). Менавіта гэтыя паліттэхнолагі і палітычныя каментатары малявалі ўкраінцам вобраз Лукашэнкі як мудрага аўтакрата-тэхнакрата. Такога сабе Лука Н'ю (цьфу ты, Лі Куан Ю) з усходнееўрапейскай спецыфікай, які можа быць карысны Украіне, як "гібрыдны саюзнік"(с). Менавіта яны, гэтыя мярзотнікі, скажалі і перакручвалі сэнс падзей беларускай Рэвалюцыі, яе сутнасць і ідэі. Нахабна хлусліва супрацьпастаўлялі "гераічны" ўкраінскі Майдан-2014 (дзе ўкраінцы аднымі голымі рукамі перамаглі "Беркут") "баязлівай" беларускай Рэвалюцыі (дзе па версіі гэтых украінскіх "экспертаў" не было нічога, акрамя белых шарыкаў і зняцця абутку перад лаўкай). Менавіта гэтыя паліттэхнолагі распаўсюджвалі сярод украінцаў абсалютна абсурдны наратыў пра нібыта безальтэрнатыўнасць эканамічнага супрацоўніцтва з лукашэнкаўскай Беларуссю і неабходнасць купляць беларускую салярку і бітум.

Усе гэтыя "лідары грамадскай думкі" (на зарплаце ў Лукашэнкі і ўкраінскіх алігархаў) настолькі паспяхова засралі мазгі ўкраінцаў, што і само ўкраінскае ваеннае кіраўніцтва паверыла ў гэтую прапаганду, і яно рэальна не чакала наступлення расіян з боку РБ. Пачытайце, як балюча на гэта адрэагаваў сакратар РНБА Данілаў і кіраўнікі ўкраінскіх памежных служб (яны рэальна(!) верылі лукашэнкаўскім сілавікам (!) і мелі з імі нефармальныя чалавечыя кантакты(!)).

Пакараць усіх гэтых "экспертаў" і паліттэхнолагаў, каб яны панеслі адказнасць -- справа гонару як для беларусаў, так і для ўкраінцаў. Для беларусаў гэта важна, каб абараніць сябе, сваю годнасць, каб ніхто і нішто не псавала нашы адносіны з Украінай і яе народам. Для ўкраінцаў гэта важна яшчэ больш, бо неадэкватная ацэнка беларускай унутрыпалітычнай сітуацыі, святая вера ў прадсказальнасць Лукашэнкі і ягоныя абяцанкі-цацанкі -- вельмі дорага каштавалі Украіне і яе народу. Уся гэтая набрыдзь, пра якую я пішу, ускосна з'яўляецца саўдзельнікам злачынстваў расіян у Бучы (разам з лукашэнкаўскімі сілавікамі).

Чаму ўкраінцы настолькі ўразлівыя перад такімі інфармацыйна-псіхалагічнымі спецаперацыямі -- іншае пытанне, але гэта зараз не важна. У любым выпадку, з Украінай трэба быць салідарнымі, нягледзячы ні на што. У нас там шмат саюзнікаў, сяброў, тых, хто разумее наш агульны боль, нашы агульныя мары, мэты, і разумее, што вораг у нас адзін".

(С) Максім Маханькоў, беларускі журналіст