Get Mystery Box with random crypto!

Сёння раскажу пра падкаст VANDRA – ад аднайменнага беларускага | Беларускія падкасты

Сёння раскажу пра падкаст VANDRA – ад аднайменнага беларускага праекта па павышэнні турыстычнай граматнасці. Магчыма, вы былі сярод тых, хто рабіў перадзамову на ілюстраваную скрэтч-карту Беларусі вясной 2020 года, то вам будзе цікава даведацца, што менавіта аўтар карты і запісвае гэты падкаст.

Тэма падкаста VANDRA – турызм у Беларусі. Аўтар размаўляе са сваімі гасцямі ці расказвае сам пра спадчыну, прыроду нашай краіны, а таксама пра людзей, якія маюць дачыненне да развіцця турызму.

Тэмы выпускаў не банальныя, а ўжо выйшла іх 8. Напрыклад, пра аднаўленне беларускіх сядзіб, рэвіталізацыю вёсак, вандроўкі аўтаспынам, драўляную архітэктуру Беларусі і іншыя.

Асобна адзначу трэці выпуск, пра літаратурны турызм, у якім няма гасцей, але замест іх – пісьменнікі, паэты і іх творы, якія натхняюць на падарожжы па Беларусі. У аўтара падкаста атрымалася некалькі літаратурных маршрутаў: Палессе, Ганцавіцкі, Стаўпецкі і Валожынскі раёны.

Асаблівы таксама і сёмы выпуск, пра палескія гісторыі – “гасцямі” тут з'яўляюцца тутэйшыя, мясцовыя жыхары вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы. Вёскі акружаны лясамі і балотамі, таму маюць свой унікальны сусвет – і гэта ў літаральным сэнсе чутно ў запісе.

Мова падкаста – руская і беларуская. Радуе, што выпускаў на роднай мове стала больш (калі быць дакладнай, роўна палова на сённяшні дзень).

Слухаць VANDRA на ўсіх платформах – https://pc.st/be/1601282132