Get Mystery Box with random crypto!

Пасля доўгага перапынку вяртаюся ў канал. І пачну з цытаты з а | Беларускія падкасты

Пасля доўгага перапынку вяртаюся ў канал. І пачну з цытаты з аднаго з апошніх выпускаў падкаста, пра які раскажу сёння: “Думаў доўга, ці маю права зараз, калі вайна навокал, да цябе з байкамі працягваць звяртацца. І адказ мне Скарына падказаў: кніжкі свае ён выдаваў у часы крывавай вайны, калі Расея з ВКЛ ваявала, калі Полацк улюблёны двойчы спалены быў. Пра вайну тую шмат хто і думаць забыўся, а кніжкі жывуць. Трэба тут, праўда, прызнаць, што і агрэсараў на зямлі меней не становіцца, якія кніжак не чытаюць. Тым не меней буду працягваць тое, што магу”.

Так сказаў аўтар і вядоўца падкаста “Беларускія байкі” спадар Алесь – прафесар ЕГУ Аляксандар Калбаска. Адгукаюцца ўва мне гэтыя словы, то і я буду працягваць рабіць тое, што магу – расказваць вам пра беларускія падкасты і прасоўваць беларускую мову ў гэтай сферы. І апошняе ў гэты няпросты час стала нават яшчэ больш важна.

Дык вось, пра “Беларускія байкі”. Гэта не проста падкаст, гэта аўдыёпаведамленні-расповеды беларускага дзядулі для сваёй далёкай унучкі (ці, як ён сам называе яе - унука), якая жыве разам са сваімі бацькамі ў Італіі. І гэта не мастацкая выдумка, а сапраўдная мэта спадара Алеся, якую ён вырашыў сумясціць з такой файнай і кранальнай ідэяй для запісу падкаста.

Але падкаст будзе цікавы не выключна ўнучцы аўтара, дый не толькі дзецям. Я б сказала, нават наадварот – “Беларускія байкі” разлічаныя ўсё ж на больш старэйшую аўдыторыю. Дзеці меншыя (на маё меркаванне, да гадоў 8) не ўсё змогуць зразумець, дый сканцэнтравацца на аўдыёкантэнце такога кшталту ім будзе яшчэ не па сілах. А вось вялікім дзеткам і дарослым – самае тое.

У “Беларускіх байках” ідзе гаворка пра сусветна вядомыя, малавядомыя ці невядомыя факты і гісторыі для тых, хто хоча даведацца больш пра Беларусь, каго цікавіць мова беларуская. Спадар Алесь знаёміць сваю ўнучку, а заадно нас, слухачоў, з мясцінамі, асобамі, прадметамі ўнікальнымі, якія так ці іначай звязаныя з нашай краінай.

Для прыкладу, ёсць тут выпускі пра святога Мікалая і рушнікі, Купалінку і батлейку, піва і дранікі, Хаіма Суціна і Язэпа Драздовіча. Шмат выпускаў прысвечана першадрукару Францішку Скарыну і яго шляхам. Усяго выйшла на сённяшні дзень 32 выпускі, а ў апошніх двух можна больш даведацца пра тое, як аўтару падкаста прыйшла ідэя запісваць гэты падкаст і як байкі ягоныя ствараюцца.

Слухайце “Беларускія байкі ” на ўсіх платформах - https://we.fo/1604421680