Get Mystery Box with random crypto!

27 ліпеня 1990 года беларускі парламент абвесціў Дэкларацыю аб | Беларускі Бабілон

27 ліпеня 1990 года беларускі парламент абвесціў Дэкларацыю аб Незалежнасці, а ратыфікаваў яе 25 жніўня 1991 года.

Украінскія парламентарыі ішлі на крок наперадзе: дэкларацыю яны абвесцілі 20 ліпеня 1990, а ратыфікавалі 24 жніўня 1991 года.

Але тады, у пачатку 1990-ых, украінцы выбралі днём Незалежнасці дату ратыфікацыі - 24 жніўня, а мы дату дэкларацыі - 27 ліпеня.

Мне гэта заўсёды падавалася вельмі сімвалічным: украінцы больш шануюць матэрыяльнае, тое, што можна памацаць, а ў нас у пашане больш словы, сэнсы і дэкларацыі.

Тым больш цікава было назіраць як ў гэтым годзе беларусы амаль што ніяк не абазначылі дату 27 ліпеня, а вось 25 жніўня святкавалі як "Дзень Незалежнасці". Такое было, падаецца, упершыню. Галасы пра тое, што 25 важней чым 27 гучалі раней, але іх заўсёды была меншасць.

На маю думку, такія змены сведчаць пра "украінізацыю" беларускага дыскурса: выбар на карысць зразумелых вынікаў без лішніх дэкларацый.

Пры гэтым цікава, што з іншага боку каманда Зяленскага адчула недахоп якраз той самай дэкларатыўнасці і завязкі на глыбокія сэнсы.

І нечакана знайшла тыя сэнсы побач з нашым 27 ліпеня. Ад гэтага года яны святкуюць Дзень Хрышчэння Русі. А гэта 28 ліпеня.

Філосаф Ігар Бабкоў нядаўна вывесіў свой стары тэкст (1998 года) пра гістарычную ўзаемасувязь Беларусі і Украіны. Вельмі раю пачытаць. Ён там называе нашыя краіны ўзаемададатковымі, як Інь і Янь.

Вось жа, выглядае, што гэтае чорна-белае калечка сапраўды круціцца.

Украіну з чарговым днём Незалежнасці!

А нас з чарговай засечкай на шляху да Незалежнасці.

Артыкул тут
https://abdziralovic.com/igar-babkou-belarus-ukraina-padarozhzha-na-skraj/