Get Mystery Box with random crypto!

У першым выпуску гістарычнага падкаста 'База' (хто яшчэ не гля | Беларускі Бабілон

У першым выпуску гістарычнага падкаста "База" (хто яшчэ не глядзіць, то вельмі раю), прысвечанага Полацкай Зямлі, гісторык Сяргей Емельянаў звярнуў увагу на цікавы ракурс "прызвання варагаў".

Чаму гэтых варагаў агулам звалі і чым яны былі настолькі лепшыя за мясцовых, што прыйшлі і пачалі кіраваць?

Існуе побытавае меркаванне, нібыта вікінгі стаялі ледзьве не на іншай прыступцы эвалюцыі, таму і загаспадарылі ў варвараў-славянаў. Уся тэорыя антынарманістаў паўстала якраз, каб зняпраўдзіць гэты тэзіс (калі хто ня ведае пра нарманістаў - антынарманістаў, тым больш раю паглядзець падкаст).

Але калі браць толькі палітычную тэорыю, то ўсё было значна прасцей. Верагодна, вікінгі па ўзроўні тэхналогій не дужа адрозніваліся ад мясцовых плямёнаў апроч адной рэчы.

Славянскія і фіна-вугорскія аб'яднанні жылі ў IX ст. яшчэ па правілах племяннога ладу, калі ўладу ў родзе меў старэйшы з гэтага роду, а племя адпаведна кіравалася супольным рашэннем старэйшын. І гэта было вельмі проста і натуральна. Бо шмат стагоддзяў існавала зразумелая вертыкаль: улада прыходзіла з вопытам і узростам.

Вікінгі ж пачалі актыўна выкарыстоўваць іншую мадэль - яны пачалі выбіраць конунгаў. Гэта значыцца адкінулі жвачку "падрасці, тады і пакіруеш" і пачалі выбіраць сабе кіраўніка наўпрост з самых прабіўных і амбітных. І працэдура гэта, відаць была няпростая і крывавая, але выгодная. Апроч іншага, такая мадэль была зручная, бо адзін конунг мог аб'яднаць вакол сябе розныя роды і сем'і, таму што ён ад пачатку быў чужы для ўсіх і ня меў арганізацыйных межаў. Радавы ж старэйшына быў абмежаваны сваім племенем і родам.

Магчыма, якраз гэтае ноў-хаў і спадабалася чудзі, славенам і крывічам, якія спачатку афігелі ад нахабства прышлых малойцаў, і выгналі іх за парушэнне субардынацыі і знявагі узроставай вертыкалі, а пасля агледзіліся і зразумелі як гэта зручна - выбіраць князя за заслугі, а не за выслугу.

Але прыкол у тым, што зразумеўшы гэта, яны не былі ў стане выбраць самі свайго князя. Бо проста яшчэ не ўмелі выбіраць. Вось і паклікалі назад вікінгаў.

Выходзіць, што глабальную перавагу над славянамі і фіна-вуграмі, вікінгам дало проста іншае размеркаванне ўлады ўнутры племені праз уменне выбіраць.

Ёсць пра што падумаць.