Get Mystery Box with random crypto!

Вечар згушчаецца пакрысе. Вецер нагадвае мне кісель З прывабны | Zhubleny Lichtaryk

Вечар згушчаецца пакрысе.
Вецер нагадвае мне кісель
З прывабным прысмакам верасу.
Хмары павольна паўзуць на ўсход.
Мне павуціньне марудзіць ход,
Раскінуўшы сеткі-нераты.

Моўчкі іду па сваёй зямлі.
Хопіць, здаецца, яе на ўсіх -
Бо мне дастаткова каліва.
Хмары нязьменна паўзуць на ўсход.
Птушкі зьлятаюцца ў карагод,
Прадказваюць хутка заліва.

Недзе далёка пяюць званы
Са зруйнаванай даўно царквы.
Ці гэта мне толькі мроіцца?
Зь неба на землю спадае дождж,
Шэптам імклівым спужае ноч.
Дыханьне маё адновіцца.

Ў пошуках згубленых каранёў
Сьцежка блукае паміж палёў
І ўжо неўзабаве звузіцца.
Небу бракуе гаротных сьлёз.
Словазлучэньне "шчасьлівы лёс"
Здаецца яму бязглузьдзіцай.

Скончыўся дождж, надыходзіць змрок.
Плёскам разносіцца шпаркі крок.
Халоднее з кожным вечарам.
Хмары упарта паўзуць на ўсход.
Гэтай карціне ўжо безьліч год.
Маркотная. І спрадвечная.