Get Mystery Box with random crypto!

(перевод на русский ниже ) Вельмі трывожныя звесткі прыходзя | Сюжетотерапия

(перевод на русский ниже )
Вельмі трывожныя звесткі прыходзяць пра стан здароўя Віктара Бабарыкі. Учора стала вядома, што яго прывезлі ў шпіталь Наваполацака. Кажуць, што галоўны вораг Лукашэнкі быў так збіты, што ўрачы яго не пазналі, пакуль не пачулі прозвішча. Інфармацыі вельмі няшмат. Экстрэмісты пішуць, што ў Бабарыкі ўстаноўлена дрэнажная прылада, ён самастойна перасоўваецца, і ў яго лёгкіх выявілі ваду. Пісалі, што яго нібыта звезлі з шпіталя, але потым высветлілася, што Віктар пакуль што там.
Апошнія два месяцы сувязі з Бабарыкам не было, лісты не даходзілі, адвакат трапіў пад хапун. “Вясна” сцвярджае, што Віктара ў асноўным трымалі ў ШІЗА.
Святлана Ціханоўская запатрабавала ад беларускіх уладаў публічна прадэманстраваць Віктара Бабарыку. А таксама дапусціць да яго адвакатаў і сваякоў. АПК заклікаў не весці з рэжымам перамовы аб зняцці санкцый да спынення рэпрэсіяў.
Ужо пачалі выказвацца замежныя палітыкі. Дэпутат бундэстага ФРГ Петэр Хайду, які ўзяў шэфства над Віктарам, сказаў: “Агідна, як Лукашэнка злоўжывае сваёй уладай. Калі б у яго было хоць трохі прыстойнасці, ён адразу вызваліў бы Бабарыку”.
Літоўскі МЗС заклікаў неадкладна вызваліць Віктара Бабарыка і іншых палітвязняў у Беларусі.

Афіцыйныя беларускія смі маўчаць.

Чаму гэта важна? Віктар Бабарыка мусіць жыць. Не ведаю, што зараз мы можам зрабіць. Калі за мяжою — можна неяк падняць шум. Унутры Беларусі — хіба што маліцца. Але ж калектыўнае несвядомае ніхто не адмяняў… Здароўя вам, Віктару Дзмітрыевічу!

Астатнія беларускія навіны. У шмат якіх гарадах замежжа ўчора прайшлі Чарнобыльскія шляхі. Самыя вялікія, зразумела, у Вільні і Варшаве. У Вільні прымала ўдзел і Ціханоўская, у Варшаве — Латушка. Людзі неслі сцягі незалежнай Беларусі і Ўкраіны. Беларусы Нью-Ёрку зладзілі акцыю ля будынку Штаб-кватэры ААН. Былі акцыі ў Батумі, Берліне, Брусэлі

Напальваюцца адносіны паміж лукашэнкаўскай “дзяржаваю” і Літвой. Літоўцы запарыліся змагацца з кантрабандаю цыгарэт і на тых памежных пераходах, дзе няма рэнтгенаўскіх апаратаў, не будуць прапускаць грузавікі. Акрамя таго, Літве вельмі не спадабалася, што “ўлады” хацяць забараніць у Беларусі грамадскае аб'яднанне літоўцаў «Гімтынэ». Беларускаму амбасадару ў Вільне ўручылі ноту, у якой папярэдзілі, што за гэта “рушыць услед жорсткі і прынцыповы адказ”.

Паралельна патроху расце колькасць мігрантаў, што штурмуюць мяжу з ЕС. За апошнія содні іх было ўжо 150.

Беларуская эканоміка працягвае страчваць працоўных. За год кудысці дзелася 70 тысячаў чалавек. Частка працоўных — вельмі якасная частка — знайшлася ў той жа Літве. Wargaming тут заняў першае месца па выплачаных падатках сярод IT-кампаній. На другім месцы — EPAM Sistemos. Там жа адзначыліся беларускія Melsoft, Gurtam, Flo…

Што да добрых навінаў, то за мяжою працягваюць другаваць беларускую літаратуру. «Vesna Books/Выдавецтва Вясна» выпусціла ўжо сямнаццатую кнігу — «Плошчу Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Купалаўцы плануюць зрабіць з яе спектакль.
А я планую на яго схадзіць.
У Менску.
У 2024 годзе.
Так што — як хаціце…
#ПахнеЧабор #ВерымМожамПераможам #СлаваУкраїні