Get Mystery Box with random crypto!

​​Маляваў “зусім ня тое” і марыў, каб беларусы жылі вольным жы | Супер Мова

​​Маляваў “зусім ня тое” і марыў, каб беларусы жылі вольным жыцьцём

Як вы ўяўляеце сабе вобраз Каліноўскага? Упэўнены, што адразу згадваецца постаць паўстанца, дзе ён гутарыць з паплечнікамі, або разам з Валерам Урублеўскім робіць агляд іх шэрагаў. Менавіта так бачыў яго мастак Пётра Сергіевіч – ягонаму пэндзалю належаць вядомыя хрэстаматыйныя палотны.

Беларускі жывапісец, графік, мастак-манумэнталіст нарадзіўся 10 ліпеня 1900 году у вёсцы Стаўрова Браслаўскага раёну. Большасьць часу Пётра Сергіевіч пражыў у Вільні – паветра гэтага гораду зрабіла адной зь ягоных галоўных тэмаў гісторыю. “Усяслаў Полацкі”, “Скарына ў друкарні”, “Арышт Паўлюка Багрыма”... У 1920-30 гады мастак стварае манумэнтальныя поліхромныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смаргоні, Солаў, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў.

“Вечна я з сваіх прац не задаволены, так мучаюся, ад зары да зары малюю, не хапае мне часу паесьці... Нявольнік я вечнага хараства, не спачну да сьмерці... Пастанавіў нікому не гаварыць, як мне жывецца — цяжка ці добра... Пастанавіў не маляваць на замову... Ідзі за голасам душы сваёй. Гэта ёсьць твой закон. Што лепшага можа быць для душы чалавека, як вольнасьць?..”.

Творчасьці Сергіевіча ўласьцівыя вобразнасьць, эмацыйнасьць, цікавасьць да самабытнасьці беларускай народнай культуры. Некалькі паваенных дзесяцігодзьдзяў віленская майстэрня Сергіевіча была месцам паломніцтва беларускіх мастакоў.

Менскае ж начальства ад мастацтва, пачуўшы імя Сергіевіча, пачынала нэрвавацца: “малюе не зусім тое”. Жывому клясыку, творчая спадчына якога складала 600 палотнаў, дазволілі ў беларускай сталіцы ўсяго дзьве пэрсанальныя выставы. Выступаючы на адной зь іх, прысьвечанай ягонаму 75-годзьдзю, мастак сказаў пра сваю запаветную мару — “каб народ беларускі жыў вольным жыцьцём, тварыў сваю культуру і вызнаваў адзінага Бога”.

#мова #supermova #культура #мастацтва #сергіевіч