Get Mystery Box with random crypto!

​​Ці стаў бы Шагал Шагалам, каб не нарадзіўся ў Віцебску? | Супер Мова

​​Ці стаў бы Шагал Шагалам, каб не нарадзіўся ў Віцебску?

6 ліпеня 1887 году ў Віцебску нарадзіўся Марк Шагал, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эўрапейскага авангарднага мастацтва XX стагодзьдзя.

Пачатковыя заняткі па маляваньні ён меў у Школе жывапісу і малюнка Юдэля Пэна. У 1907 годзе будучы мастак паехаў у Санкт-Пецярбург. У 1907-1908 гадах вучыўся ў Малявальнай школе Таварыства заахвочваньня мастакоў і малявальных клясах С. Зайдэнбэрга, а ў 1909-1910 — у Прыватнай мастацкай школе Званцавай пад кіраўніцтвам Льва Бакста. Здолеў прадаць калекцыянэру й мэцэнату Максіму Вінавэру дзьве карціны, атрымаў ад яго стыпэндыю на навучаньне ў Парыжы (з 1910).

Перад пачаткам Першае сусьветнае вайны Шагал прыехаў ў Віцебск. У 1918 быў прызначаны камісарам Віцебскага губэрнскага аддзела народнае адукацыі. Стварыў, а пазьней і ўзначаліў Віцебскую народную мастацкую школу.
Да канца жыцьця ў ягонай творчасьці назіраліся «віцебскія» матывы.

Цікавы факт: Марк Шагал пісаў вершы на ідыш, а на беларускую мову іх пераклаў Рыгор Барадулін.

За мяжой той просты факт, што Марк Шагал нарадзіўся ў Беларусі, чамусьці прызнаюць досыць неахвотна... Ідучы на выставу Шагалавых малюнкаў, можна быць пэўным, што слова «Беларусь» не прагучыць ані разу, яго не пабачыш і на тых папяровых пратэзах, якія так шчодра разьвешаныя на сьценах у дапамогу выпадковаму інтэрпрэтатару, ня будзе яго і ў кароткай біяграфіі. Яны Там таксама лічаць, што Мы Тут пачаліся пазьней — прынамсі, значна пазьней за Шагала.

Geboren in Russland — і ніякіх табе дужачак, у якіх зьмясьцілася б неабавязковая, але здольная пацешыць нацыянальнае самалюбства праўда. Хаця, здаецца, усё відавочна і неаспрэчна: 6 ліпеня 1887 году, Віцебск.
Места, дзе палова насельніцтва былі яўрэі. З аднаго боку, сапраўды — якая розьніца, дзе ён нарадзіўся, галоўнае, што мастак харошы, а з другога — ці зрабіўся б.

Шагал Шагалам, калі б ня гэтыя правінцыя, правінцыйнасьць і правіна, уяўная, недарэчная, але зь якой трэба было жыць, калі б ня гэтая іншасьць, яўрэйская, даўно страчаная Беларусь, казку пра якую Шагал распавёў усяму сьвету, ня надта пераймаючыся назвамі, топасам, нацыямі — як і належыць сапраўднаму казачніку. Як мастак Шагал пачаў з таго, што выключыў гравітацыю — высьветлілася, што яна сапраўды замінала бачыць галоўнае, і ня толькі яму. Лунаць над горадам у эпоху першых рэдкіх аэраплянаў — зусім ня тое, што выправіць сваіх герояў угару цяпер: у наш час гэта заўжды азначае падарожжа, у часы маладога Шагала гэта быў сон.

Сон хлопчыка, які расьце. Горад у Шагала заўжды меншы за чалавека — зьяўляецца адчуваньне, што ён зьнікае, гэты задушаны сумётамі і ачмураны акацыяй горад, і зараз выплыве за межы рамы. Аўтару патрэбны толькі яго абрыс, толькі разьвітаньне. Затое людзі займаюць асноўную частку прасторы — і пустаты не застаецца, толькі свабода. Насычаная каханьнем, як паветра кіслародам. Прыйсьці да Шагала, успрыняць, прачытаць яго — падобна да прачынаньня на досьвітку: колеры, гукі, цені, твары, неба ўжо сьвятлее і ўсё гэта неўзабаве скончыцца. І вось тут, у гэтае ціхае імгненьне, у месцы паміж космасам і Віцебскам, можна пабачыць нешта, што бачаць Іншыя.

Паводле А. Бахарэвіча

#мова #supermova #мастацтва #гісторыя #шагал #віцебск