Get Mystery Box with random crypto!

​​Каб ад сёньня нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыцьцё не кана | Супер Мова

​​Каб ад сёньня нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыцьцё не канала!

5 ліпеня 1969 году на месцы спаленай фашыстамі вёскі Хатынь у Лагойскім раёне быў адкрыты мемарыяльны комплекс. Хатынь стала сымбалем масавага зьнішчэньня нацыстамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі усяго былога СССР.

Журналіст Сяргей Дубавец:

“Чаму менавіта Хатынь абралі спачатку фашысты, а пасьля - савецкая прапаганда?

Па-першае, перад тым, як вёску спаліў карны ўкраінскі батальён, недалёка адсюль партызаны забілі нейкага фашыстоўскага чына. У адпаведнасьці з прынцыпам калектыўнага пакараньня 149 жыхароў вёскі былі расстраляныя або спаленыя жыўцом за магчымае аказаньне жыхарамі вёскі дапамогі савецкім партызанам. Цяпер мы ведаем, што такі правакацыйны характар насіў увесь праславуты партызанскі рух, кіраваны з Крамля. Нідзе ў іншых краінах не было такой шырокай партызанкі, як у нас.

Па-другое, справа ў сугучнасьці, у гульні словаў: Хатынь - Катынь. Катынь - месца на Смаленшчыне, дзе напярэдадні вайны чэкісты расстрэльвалі палонных афіцэраў польскага войска. Сугучнасьць дазваляла савецкай прапагандзе затуліць факт сталінскага генацыду фактам генацыду фашыстоўскага».

З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Ёсіф Ёсіфавіч Камінскі (1887—1973). Зь ягоных словаў, абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасьць толькі позна ўначы, калі аддзелы нацыстаў пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў сьмяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Ёсіф Камінскі з сынам Адамам паслужылі прататыпамі знакамітага помніку ў мэмарыяльным комплексе.

Аднаму з тых, хто выжыў, жыхару Хатыні Антону Бараноўскаму 22 сакавіка 1943 году было 12 гадоў. Ён ніколі не хаваў праўду пра падзеі ў Хатыні, адкрыта пра гэта казаў, ведаў імёны многіх паліцаяў, якія спальвалі людзей. У сьнежні 1969 году — праз 5 месяцаў пасьля адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу — Антон загінуў пры нявысьветленых абставінах.

Мэмарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс плошчай 50 гектараў месьціцца на месцы Хатыні, паўтараючы пляніроўку былога селішча, улучаючы Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сьцяну Жалобы і Дрэва жыцьця. У цэнтры кампазыцыі мэмарыялу знаходзіцца шасьцімэтровая бронзавая скульптура «Няскораны чалавек» зь мёртвым дзіцём на руках. Побач злучаныя гранітныя пліты, што сымбалізуюць дах адрыны, у якой былі спаленыя жыхары вёскі. На брацкай магіле зь белага мармуру — Вянок памяці. На ім — наказ загінулых жывым:

Людзі добрыя, памятайце:
Любілі мы жыцьцё, і Радзіму, і вас, дарагія.
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак абярнуцца ў мужнасьць вашу і сілу,
Каб змаглі вы зацьвердзіць навечна мір і спакой на зямлі.
Каб ад сёньня нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыцьцё не канала!

Сяргей Дубавец:

«У часе перастройкі Хатынь паступова перабралася ў шэраг новых сымбаляў беларускай трагедыі ХХ стагодзьдзя і заняла сваё месца паміж Курапатамі й Чарнобылем. Што да паспалітага народу, дык ён застаўся да гэтых сымбаляў абыякавым.

Памятаю, у Менску дваццацігадовае даўніны такую сцэну. Жанчына, магчыма, прыежджая, разам зь дзіцём доўга разглядала значкі ў кіёску саюздруку. Нарэшце яна сказала: «Мне, пожалуйста, два значка - колокольчик и машинку». «Які калакольчык?» - пытаецца кіяскёр. «Да вон тот, где Хатынь напісано».

#мова #supermova #гісторыя #хатынь