Get Mystery Box with random crypto!

​​Усе дарогі вядуць у Беларусь Упершыню ягонае імя зьявілася | Супер Мова

​​Усе дарогі вядуць у Беларусь

Упершыню ягонае імя зьявілася на старонках беларускага друку ў 1908 годзе, калі ён – сын фельчара чыгуначнага шпіталя ў Берасьці – разам зь іншымі беларусамі – студэнтамі Санкт-Пецярбурскага унівэрсытэту - вітаў газэту “Наша Ніва” і падтрымаў працу, якую вядзе рэдакцыя. Празь некаторы час ён становіцца яскравым дзеячом беларускага руху, выдатным палітычным мысьляром.

22 чэрвеня 1888 году – дзень народзінаў Аляксандра Цьвікевіча, гісторыка, юрыста, філёзафа і публіцыста.

Падчас Першай сусьветнай вайны спадар Цьвікевіч узначаліў мясцовае аддзяленьне Камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны ў Туле. Пазьней ён стаў кіраўніком Беларускай Народнай Грамады – уплывовай грамадзка-палітычнай, культурна-асьветнай і дабрачыннай арганізацыі. У 1917 годзе Аляксандр Цьвікевіч заняў пасаду у Цэнтральнай Радзе беларускіх арганізацый, а праз паўгады стаў сакратаром Усебеларускага Зьезду.

Ён шмат працаваў як дыплямат: удзельнічаў у мірных перамовах паміж Нямеччынай з саюзьнікамі і бальшавіцкім урадам Расеі, быў старшынёй дэлегацыі у справах зьнешніх перамоваў у Кіеве – там яму належала весьці перамовы аб прызнаньні БНР Украінай. Аляксандр Цьвікевіч езьдзіў у Вену й Прагу – свой візыт у чэскую сталіцу ён выкарыстаў для наладжваньня сувязяў паміж БНР і Чэхаславакіяй, а таксама жыцьця беларускай дыяспары.

У 1920 годзе Цьвікевіч стаў паслом БНР у Латвіі, праз тры гады заняў пасаду старшыні Рады Міністраў.

У БССР Цьвікевіч працаваў у Таварыстве культурных сувязяў з замежжам і ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, але асноўным месцам яго працы быў Інстытут беларускае культуры, дзе зь вясны 1926 ён быў вучоным сакратаром. Тут ён друкуе сваю галоўную працу – “Западноруссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст.”. Хутка выйшлі кнігі “Адраджэньне Беларусі і Польшча”, “Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне”, артыкулы “Усе дарогі вядуць у Беларусь”, “Да пытаньня аб незалежнасьці”.

Адразу пасьля выхаду ў сьвет публікацыі Цьвікевіча былі забароненыя для распаўсюду, тыраж кніг канфіскаваны. 14 ліпеня 1930 году “органы” арыштавалі аўтара. Аляксандр Цьвікевіч атрымаў 5 гадоў ссылкі па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”.

Апынуўшыся паміж жорнамі рэпрэсій, ён ужо ня здолеў выбрацца: у 1935 годзе атрымаў новы тэрмін, а праз два гады – 17 сьнежня 1937 году лёс Аляксандра Цьвікевіча быў вырашаны канчаткова. Жыцьцё яшчэ аднаго яскравага, апантанага беларуса прымусова абарвалася.

Любіць Беларусь можна толькі выключнай любоўю. Гэта асабліва павінен уразумець той інтэлігент, які кажа, што любоў да Беларусі можна «совместить» з любоўю да Расеі ці да Польшчы. Няпраўда - гэта фарысэйства, ілжа! Ілжа прад самім сабой. Як у чалавека ёсьць адна маці, так у яго ёсьць толькі адна бацькаўшчына! Любіць можна ці Беларусь, ці Расею, ці Польшчу.

У наш час, калі інтэлігенцыя ня йдзе ў рух галоўным чынам з-за мовы, найлепшым доказам яе рашымасьці і здольнасьці да чыннага ўдзелу будзе той дзень, калі яна загаманіць сярод сваей грамады на беларускай мове. Мы разумеем - гэта ня так лёгка зрабіць. Але падобны індывідуальны ўчынак павінен быць перароблены абавязкова; бязь яго Беларусь не дабудзе сапраўднага сына.

Аляксандр Цьвікевіч, 1925 год.

#мова #supermova #гісторыя #героі #бнр #цьвікевіч