Get Mystery Box with random crypto!

Дзённік бабы Клары . 18 чэрвеня Што ні кажы, а праклён вялі | Супер Мова

Дзённік бабы Клары .

18 чэрвеня

Што ні кажы, а праклён вялікую сілу мае, калі ад сэрца ідзе. Бывае сама сябе баюся - як каго прыпяку слоўцам, то й бяда можа здарыцца. Ну хоцькі сёння ўзяць, як з Лёнькам сталася.

Лёнька-барадач піхух знатны, Гэля ягоная дзе толькі гарэлку не хавае. Але свіння заўжды гразі знойдзе. Сёння з ранку ўжо насцябаўся, як вяпрук, ды ну валачыцца па дварох, людзям галаву дурыць.

Толькі сабе заціркі раскалбатала – чую, цягне тытунём у хату. Іду на ганак і бачу: стаіць той Лёнька ля майго возу, барада па пуза, у зубах цыгарка. За драбіны ўхапіўся, караскаецца на воз - а ніяк, хістае яго, як гаўно ў сажалцы. Ну й я яго цвічыць:

- А каб ты смалы напіўся! Куды ты бічкуесся, ашавэрак?! Ты ж мне драбіны паломіш!! Злезь зараз жа, недаварак, ці чуеш ты?!

А як жа, паслухаў ён – пнецца на воз, як жаба на купіну.

- До на маё сена барадой трэсці, борух патлаты! Накідаеш тут сваё валоссе, яно скаціне ўсе кішкі заб’е.
- А ты бараду маю не чапай! Зайздросна табе, з'яда мардалысая, што ў мяне поўна хара шарсце й яшчэ расце? Зімой грэе, летам халадок дае!
- А ідрыт тваю лапці, ідзі ты лесам разам са сваёй вяхоткай! Ды цыгарку сваю выкінь, бо сена падпаліш. Курэц-дурэц, каб у цябе барада курэла!

Тут драбіна хрась – не вытрымала, Лёнька як гакнецца вобзем, ажно зубы ляснулі. Цыгарка-та з роту й выскачыла. Ён давай па зямлі вакол мацаць, недакурак шукаць – няматака! А тут з барады дым як папрэ, закурэла барада! Ну Лёнька гізаваць, было кінуўся да вядра па ваду, а там пуста. Лётае па двары, як скажэнны, раве на ўсю вёску, што дурны ў малінах – ратуй, бабця, клікай хуткаю, засмажуся на костку!

Я тады ў хату, а вады ж няма, дык я за місу з заціркай – і плясь яму ў хару ўвесь сняданак. Шчыльна лягла зацірачка ў валасы, дулю выкалупаеш.

Ну то будзе дурню закусь на ўвесь дзень: зрабіў чарку, бараду пасмактаў – і поўны штаны шчасця! А я сабе яшчэ зраблю. З мёдам.

Слоўнік бабы Клары

Пітух - жлукта, п’яніца
Насцябаўся, як вярпук (набраўся, як жаба гразі/мулу, як сучка блох) – напіўся як свіння
Зацірка – старажытная ежа на вадзе ці малацэ, робіцца з мукі і яек. Калі дадаць масла, разынкі, мёд ды арэхі – смачна))
Раскалбата́ць – перамяшаць, замясіць нешта ў ёмістасці
Драбіны – 1) здымная агароджа воза ў выглядзе лесвіцы альбо цалкам верхняя частка воза без колаў 2) складная ці перасоўная лесвіца, драбіна – прыступка такой лесвіцы
Сажалка - невялічкі штучны вадаём
Цвічыць – адчытваць (“забіваць цвікі”)
Бiчкавацца – узлазіць, караскацца на што-небудзь
Ашавэрак, недаварак, скажэнны – дурань
А як жа! – 1) як бы ня так, нічога падобнага (чакаў, што штосьці адбудзецца, але яно не адбылося 2) пры адказе на пытанне – а як жа (так, зразумела, канешне)
Пнуцца як жаба на купіну (лезці як жаба на корч) - рабіць упарта абы што
Борух – нязграбны мужчына
З’яда (заяда, заядуха) – злая баба
Халадок – цянёк
Вяхотка — звязаная з калючай травы, з вехця мачалка, каб шараваць посуд.
Гізаваць — імкліва бегаць, мітусіцца (ратуючыся ад укусу гіза)

#supermova #мова #дзённік #sensored

Малюнак @belarusianmonsters