2022-08-27 12:51:22
17-гадовы журналіст "Прессбола" Раман Качына, якога затрымлівалі месяц таму, на волі і працягвае супрацоўнічаць з выданнем. Магчыма, ён паступіў на журфак БДУ.Пра публікацыі Качыны ў свежых нумарах газеты паведамілі чытачы @pozirkonline. Што хлопец застаецца супрацоўнікам "Прессбола", пацвердзілі ў рэдакцыі.
Інфармацыя пра затрыманне непаўналетняга журналіста з’явілася 28 ліпеня.
ГУБАЗіК нібыта інкрымінаваў яму распальванне варожасці за допісы, што "беларусы заўсёды ваявалі з Расіяй". Таксама паведамлялася, што ён удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе.
Сёлета мінчук скончыў школу і збіраўся паступаць на журфак БДУ. Пасля затрымання сілавікі кпілі ў сваім тэлеграм-канале, што студэнтам ён не стане праз "унесеныя ў жыццёвыя планы карэктывы".
Аднак прынамсі паступаць у БДУ хлопец спрабаваў, інфармацыя пра гэта была ў дзяржаўных выданнях яшчэ 1 жніўня.
Ці патрапіў Раман на факультэт журналістыкі, невядома. Няма звестак і пра тое, ці праходзіць ён па якой-небудзь справе ў сувязі з ліпеньскім затрыманнем.
1.2K viewsedited 09:51