Get Mystery Box with random crypto!

Мы паглядзелі «Чорную Удаву» і хочам падзяліцца з вамі ўражанн | Кукумба — кантэнт на беларускай мове

Мы паглядзелі «Чорную Удаву» і хочам падзяліцца з вамі ўражаннямі! Калі не хочаце чытаць наш лонгрыд, скажам, што фільм з'яўляецца проста добрым баевіком, які парадуе фанатаў Марвел.

(Тэкст: Аляксей)
Карціна пачынаецца з вельмі кранальнай сцэны з маленькай Наташай(ролю якой сыграла дачка Мілы Ёвавіч) і Аленай у дзяцінстве, якая перарываецца вогненнай экшн-сцэнай пагоні і перастрэлкі, у якой мы разумеем: а) у фільме шыкоўны саўндтрэк; б) Дэвід Харбар у ролі Чырвонага Вартаўніка наўпрост зробіць гэтую стужку. Асобным пунктам хочацца выдзяліць шыкоўна змантаваныя стылёвыя пачатковыя цітры пад акампанемент шыкоўнага кавера на «Smells like teen spirit» гурта Nirvana.

Першы акт фільма парадуе гледача шыкоўным экшнам(сцэна пагоні Таскмайстара за Нат і Аленай — цукерка), як заўжды некаторымі смешнымі жартамі ад Марвел і няглупай экспазіцыяй. Але галоўным упрыгожваннем гэтай часткі фільма стала, вядома, Флорэнс П'ю ў ролі Алены Бяловай — у некаторыя моманты з'яўляецца пачуццё, што яна іграе галоўную ролю ў фільме. Яе гісторыя прапісаная вельмі прыемна і якасна, што дазваляе нам пранікацца сімпатыямі да гэтага персанажа, чаго, на жаль, не можам сказаць пра астатніх герояў карціны. На фоне асэнсаванай і зразумелай лініі Алены, астатнія неяк блекнуць. Нават лінія Наташы здаецца даволі сухой і нецікавай. Адным з самых важных момантаў, што ўплывалі на пачуццё ад фільма з'яўляецца тое, што мы ведаем лёс Наташы і праз гэта не можам дастаткова суперажываць персанажу Скарлет Ёхансан, але гэты жа пункт з'яўляецца і плюсам, бо менавіта праз гэтае веданне, некаторыя моманты кранаюць цябе да дрыжыкаў. Але і першы акт нясе нейкае расчараванне: памятаеце Будапешт, які так часта ўзгадвалі Нат і Клінт Бартан(Сакалінае Вока, калі хто забыў)? Дык вось, сапраўды, тая гісторыя распавядаецца ў фільме, але ў гэтым і ёсць праблема. Гэтая гісторыя менавіта РАСПАВЯДАЕЦЦА. То бок эпічнай устаўкі з маладымі Нат і Клінтам, што разам наводзяць мітусню на вуліцах сталіцы Венгрыі НЕ будзе. А жаль, бо гэта была б патэнцыяльна запамінальная і культавая сцэна. Але, агулам, першы акт сапраўды здолеў стаць зацягвальнай і запамінальнай прыгодай, дзякуючы якой ты разумееш, як Марвел ўжо цягам 13 год не выпускае нас з кінатэатраў.

У другім акце карціны нават Алена не можа вытрымаць канкурэнцыі з тым, каго чакаеш больш за ўсё з самага першага яго з'яўлення — Аляксей Шастакоў, ён жа Чырвоны Вартаўнік, ён жа Дэвід Харбар, наўпрост разрывае сваім характарам, сваёй сілай і , канешне, гумарам(наогул, Харбар галоўны пастаўшчык жартаў у карціне Кейт Шортланд). Карціна падарыць нам вельмі шмат смешных(менавіта смешных) жартаў з расійскім каларытам. Другі акт парадуе нечаканымі паваротамі, узняццем тэмы сям'і (прывіт Дамініку Тарэта) і агульнай атмасферай трылера ўзроўня сіквела «Капітана Амерыкі».

Цяпер пераходзім да галоўнай бяды гэтага фільма — трэці акт. Тут у нас поўны набор “так сабе трэціх актаў“: тут і умоўнасці выссаныя з пальца, і ніякая матывацыя галоўнага злодзея, і, на жаль, даволі глупы зліў аднаго з антаганістаў, які мог бы стаць вельмі перспектыўным сектаральным злодзеям для КВМ(«Грамавержцы» перадаюць вітанні), і спроба вырашыць усе праблемы моцнай прамовай(«Ты насамрэч не дрэнны», «Я веру, што ў цябе ёсць дабрыня» — як жа гэтыя збітыя фразы задзяўблі, ці не так?). Але светлай плямай трэцяга акту стала менавіта самая канцоўка карціны — там вас чакае вельмі кранальная сцэна развітання, гледзячы якую мы разумеем, што Наташа Романаў назаўжды пакідае Кінасусвет, але, канешне, толькі не нашыя сэрцы.

У цэлым, падагулім, што карціна Кейт Шортланд здольная выклікаць цёплыя пачуцці і прынесці радасць ад прагляду тым, хто адправіцца на прагляд фільма ў кінатэатр. Шмат жартаў, якасны экшн і эмацыйная часткі карціны дапамогуць нам перажыць апошнюю вандроўку разам з рускай шпіёнкай, якая ўварвалася ў нашыя сэрцы ў 2010, калі ўпершыню з'явілася ў Кінасусвеце.

ВЫНІК: 7.5/10.

P.S. Ад сцэны пасля цітраў асабіста я злавіў дрыжыкі: тут сумешчаная і кранальная сцэна на могілках Наташы і тлусты намёк на будучы серыял нашай улюбёнай студыі Цудаў!

#ружовыагляд