Get Mystery Box with random crypto!

Навінка! Новая рубрыка #размова 7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад | Белліт

Навінка! Новая рубрыка #размова
7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад стваральнікаў беларускіх падкастаў.

Распачынаем рубрыку размовай з Настай – аўтаркай падкаста пра беларускую літаратуру Bellit.

– Калі вы даведаліся пра падкасты і вырашылі рабіць свой?

Пра падкасты я даведалася гадоў 5 таму. Тады ў Беларусі, здаецца, зусім не было нічога падобнага. Гады 3 таму я стала актыўным спажыўцом падкастаў і цяпер слухаю амаль штодзённа. Зразумела, што за гэты час у мяне неаднаразова ўзнікала думка стварыць нешта сваё. З тэматыкай падкаста пытанняў не ўзнікала, відавочна, што варта расказваць пра тое, чым жывеш і ў чым разбіраешся. Больш хвалявалі тэхнічныя пытанні, але і з імі ў выніку дала рады. Знаёмыя часта казалі, што ў мяне прыемны голас, а гаварыць пра кнігі я магу гадзінамі. Усё гэта склалася на карысць падкаста менавіта пра літаратуру.

– Дзе вы атрымалі веды пра тое, як рабіць падкасты?

Часткова наўпрост з падкастаў: слухала выпускі любімых падкасцераў, дзе яны распавядалі пра тэхнічны бок справы. Нешта даводзілася гугліць. Яшчэ вельмі карыснымі спасылкамі падзялілася Дзіяна з іншага беларускага падкаста Dzigital.

– Як тэхнічна вы вырашылі пытанне запісу падкаста?

Купіла мікрафон, спампавала бясплатны аўдыёрэдактар. Аказалася, што гэта не так страшна і складана, як я ўяўляла. Зусім не так, як запісваць відэа на youtube :) Вось гэта мне падаецца сапраўднай магіяй.

– На якой пляцоўцы ў вашага падкаста найбольш слухачоў?

На некаторых пляцоўках даволі няпроста адсочваць статыстыку, але мне падаецца, што часцей слухаюць праз SoundCloud. У Беларусі ўсё яшчэ не надта развітая культура падкастаў, людзі не ставяць спецыяльныя дадаткі для іх праслухоўвання, таму ім зручна слухаць мой падкаст праз сайт SoundCloud на тэлефоне або камп'ютары.

– Як знаходзіце аўдыторыю для вашага падкаста?

На момант стварэння падкаста ў мяне ўжо быў аднайменны тэлеграм-канал пра літаратуру, таму многія слухачы прыйшлі адтуль. Некалькі разоў купляла рэкламу ў сторыз Instagram. Яна добра спрацавала і для падкаста, і для канала. Таксама людзі дзеляцца падкастам са знаёмымі. Некаторыя пісалі, што знайшлі мяне наўпрост праз дадаткі, у якіх слухаюць падкасты.

– За што вы любіце падкасты?

За магчымасць з карысцю правесці час, калі займаешся не самай інтэлектуальнай дзейнасцю: мыеш посуд, прыбіраеш або проста гуляеш. Вядома ж, часам трэба заставацца і сам-насам са сваімі думкамі, але ўсё роўна падкасты — гэта лёгкі спосаб прыемна прабавіць час. Трэба проста ўставіць навушнікі ў вушы або ўключыць гук камп'ютара.

– Якія падкасты слухаеце самі і можаце парэкамендаваць іншым?

Мне страшна лічыць колькасць захаваных падкастаў, таму і любімых у мяне даволі шмат :) Пераважна слухаю падкасты па-руску, па-польску, па-беларуску. Часцей слухаю навукова-папулярныя, пра літаратуру і кіно, true-crime або проста размоўныя. З любімых расейскіх The Big Beard Theory (навукова-касмічны), КритМышь (пра крытычнае мысленне), Так вышло (этычны), Так и будет (пра будучыню тэхналогій), У холмов есть подкаст (true-crime) і многія іншыя. Пералічваць магу вельмі доўга :) З беларускіх люблю падкасты Радыё Свабода, асабліва «Мова пра мову» з Вінцуком Вячоркам.