Get Mystery Box with random crypto!

​​ Сёння свой дзень нараджэння святкуе пісьменнік Барыс Пятро | Белліт

​​ Сёння свой дзень нараджэння святкуе пісьменнік Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Акурат нядаўна прачытала адну з самых незвычайных яго кніг «Ідзі адзін» (Кнігазбор, 2019 г.). Чаму незвычайных? Бо гэта і не раман, і не зборнік апавяданняў, але цікавая дзённікава-мастацкая кніга.

Барыс Пятровіч вырашыў занатаваць адзін месяц свайго жыцця. І адбылося гэта ў далёкім 1993 годзе. Для мяне далёкім, бо я ў той год толькі нарадзілася Але ж занатаваў пісьменнік студзень, і да майго нараджэння заставалася яшчэ больш за паўгода...

Кожны дзень студзеня 1993-га Барыс Пятровіч рабіў невялікую дзённікавую замалёўку, апісваў, што цікавага здарылася за гэты дзень у жыцці ці творчасці, у сям’і, на працы, дзяліўся гісторыямі пра пісьменнікаў, з якімі сустракаўся. Таксама ў гэты дзень ён пісаў кароткую прозу ў прыдуманых ім жанрах: «версіі», «піліпікі», «апофрыкі».

Атрымаўся з гэтага своеасаблівы творчы эксперымент: аўтар прымушаў сябе пісаць нават тады, калі не хацелася, не пісалася, не было часу. Але сумленна і дысцыплінавана занатоўваў кожны дзень.

Кніга цікавая не толькі як пэўны аўтарскі творчы этап, але і як дакумент эпохі, той маладой Беларусі пачатку 1993 года. Хоць выйшла яна два гады таму, але трэба разумець, што пісалася ўсё гэта 28 гадоў таму. І гэта пэўная аўтарская смеласць, падзяліцца з чытачом чымсьці раннім, пры гэтым не правячы, не змяняючы тэксты суадносна са сваім цяперашнім светапоглядам.