Get Mystery Box with random crypto!

Зянон Пазьняк

Лагатып тэлеграм-канала zianonpazniak — Зянон Пазьняк З
Лагатып тэлеграм-канала zianonpazniak — Зянон Пазьняк
Адрас канала: @zianonpazniak
Катэгорыі: Літаратура
мова: беларускі
Падпісчыкі: 6
Апісанне з канала

Толькі Zянон!

Ratings & Reviews

1.67

3 reviews

Reviews can be left only by registered users. All reviews are moderated by admins.

5 stars

0

4 stars

0

3 stars

1

2 stars

0

1 stars

2


Апошнія паведамленні 2

2021-01-05 09:00:09 ШКОДНАЯ ІЛЮЗІЯ
(Ліст да сяброў народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі)

Сьвятлана Ціханоўская зачытала віншаваньне з Новым годам па-беларуску. Гэта да сьлёз узрадвала некаторых наіўных лагодных беларусаў, якім так хочацца добрай мамы, сваёй Эміліі Плятар. Але тут выступаць інакш і нельга было. (Дарэчы, калі б Лукашэнка быў палітычна разумнейшы, то ў гэтай сітуацыі павіншаваў бы па-беларуску і крышку б "намуціў". Але розуму Бог ня даў.)

Шмат якія самадастатковыя нацыянальна адукаваныя беларусы, добрыя людзі назіраюць за рыторыкай і паводзінамі асобаў газпрамаўскай апазыцыі ў Беларусі, крытычна ўспрымаюць іхную зрусіфікаванасьць, прамаскоўшчыну і канфармізм, але горача спадзяюцца, што яны (гэтыя Бабарыкі, Цапкалы, Маша ды Сьвета) ўсё ж такі паразумнеюць, пераадолеюць сваю нацыянальную неадукаванасьць і нейкім бокам прыйдуць да беларускай палітыкі і нацыянальных інтарэсаў. Гэтага так хочацца наіўным беларусам і "добрым людзям".

Мушу расчараваць. Ня прыйдуць і не наблізяцца, бо яны існуюць у парадыгме чужой палітыкі і цалкам залежныя ад чужых -- матэрыяльна. Тут жорсткае правіла, пацьверджанае гісторыяй.

Тым часам аб грошах. Чужыя грошы і матэрыяльная дапамога можа быць прынятая і скарыстаная ў гуманітарнай дзейнасьці, навуковай, выдавецкай, журналісцкай, медыцынскай, у абароне правоў асобы і т. п. У палітычнай дзейнасьці -- не. У пастку трапляюць альбо амбітныя людзі, далёкія ад палітыкі, альбо асобы з праблемамі сумленьня, альбо проста агентура.

Што абазначае такі стан залежнасьці, як ён выяўляецца і да чаго прыводзіць -- тлумачыць ня буду.

4 студзеня 2021 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
5.3K views06:00
Адкрыць / каментаваць
2021-01-01 17:42:45 З НОВЫМ ГОДАМ!

Пачынаецца Новы 2021 год. 

Віншую дарагіх землякоў, адраджэнцаў, змагароў за шчасьце і волю Беларусі і ўсіх Беларусаў з Новым годам надзеі і барацьбы.

Першае чаго зычу дарагім землякам-беларусам -- гэта здароўя і пазбаўленьня ад праклятай эпідэміі "Ковіду-19". Беражэм сваё жыцьцё і жыцьці людзей. 

Ёсьць яшчэ адна навала і эпідэмія ў Беларусі -- гэта дзікунская бандыцкая прамаскоўская ўлада, варварства цемры і зьдзеку над беларускім народам.

Хай стане так, каб у 2021 годзе народ пазбавіўся ад яе. Ня будзе цемра і дурнота і гном маскоўскі над нашым краем панаваць. 

І трэцяе зычэньне: Будзьма разам, спадзяемся на сябе і шануйма сваё.

Найперш шануйма Беларусь і нашых людзей беларусаў, бо наш народ -- гэта наша родная нацыянальная сям'я, наш Боскі храм, дзе мы можам спраўдзіцца як асобы і мець шчасьце, бо нідзе ня знойдзем шчасьця як толькі ў роднай і вольнай сваёй старонцы.

Не спадзяемся ні на разбэшчаны Захад, ні на дзікі Усход, бо яны заўсёды дамовяцца між сабой, каб падзяліць уплывы, а пры нагодзе і нашу зямлю. Так было шмат разоў. Але так не павінна быць.

Спадзяемся на сябе, на свой розум, на свой здаровы сэнс, на сваю працу, на сваю палітыку, на сваю высокую беларускую культуру. Мы -- гаспадары ў сваім доме. Беларусь -- гэта наша краіна.

Шануйма нашу беларускую мову. Акупанты, здраднікі, гвалтаўнікі шмат дзе русіфікавалі беларускае жыцьцё, прынізілі беларускую культуру і адукацыю. Бальшыня беларусаў у гвалтоўных умовах не карыстаецца сваёй мовай. Але рускамоўныя беларусы ня сталі расейцамі. Ворагі сьвятла ня зьнішчылі беларускай душы. Наш сьвяты нацыянальны дзяржаўны Бела-Чырвона-Белы Сьцяг адрадзіўся і веецца над нашым народам, які ахвяруецца за сімвал нацыі і свабоды.

Гэтак адродзіцца і наша вялікая прыгожая Беларуская мова. Шануйма яе, любем яе, падтрымліваем усюды, навучайма дзяцей. Мы вернемся ў краіну годнасьці, справядлівасьці і сьвятла. Яна некалі ў нас была і будзе навекі.

З Новым годам! 

Ня боймася выгнаньняў і пакут. Не забывайма пра ахвяры свабоды. Верма ў сьветлую Беларусь, у Божую Ласку. Хай Гасподзь павернецца да нас Тварам, каб не пагасьлі сэрцы, каб мацнеў дух, каб квітнела любоў. Людзі ўзмацнеюць і сіла народная скрышыць турму атрутнага цмока

З Новым годам!

Слава Айчыне!

Жыве Беларусь!


1 студзень 2021 год
Зянон Пазьняк
4.1K views14:42
Адкрыць / каментаваць
2020-12-14 14:38:41 АБ ЗЕРНЯХ ЗЬЯВЫ

Часам патрабуецца кароткае вызначэньне сутнасьці вядомай зьявы, калі людзі першы раз чуюць пра нешта для іншых зразумелае, але малавядомае для іх.

Цяпер у Беларусі прапагандуецца гэбісцка-газпрамаўская выбарчая афёра ў форме “новай апазыцыі”. Масква фармуе тут сваю прамаскоўскую апазыцыю, мільгаюць імёны Латушкі, Бабарыкі, Уваскрасенскага, Ціханоўскай і т. п., зьявілася “каардынацыйная рада”, замежная падтрымка розных яе дэклярацый з пагрозамі рэжыму Лукашэнкі і г. д. Усе яны (як некалі Лукшэнка) хочуць зноў зьмяніць законную Канстытуцыю 1994 года, усе адмыслова пішуць і гавораць па-расейску, надакучліва зьвяртаюцца да Пуціна і спадзяюцца на Расею.

Што ўсё гэта такое?

Коратка: ГЭТА НАМЕР АДХІЛІЦЬ АД УЛАДЫ ЛУКАШЭНКУ, ПАКІНУЎШЫ ЛУКАШЫЗМ.

І цяпер пра сутнасьць (зерне) лукашызма.
ЛУКАШЫЗМ — ГЭТА РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ.

Усе астатнія дзеяньні і злачынствы рэжыму Лукашэнкі — гэта механізм, тэхналёгія сутнасьці.

Веданьне сутнасьці гэтых пазыцыяў карыснае для разуменьня таго, што будзе адбывацца ў Беларусі.

Істотна мець на ўвазе, што для ажыцьцяўленьня сваіх бліжніх планаў (зьмена сатрапа, захаваньне васальнага характару Беларусі і захоп нацыянальнай маёмасьці краіны) Масква імкнецца скарыстаць пратэстны рух дзеля замены Лукашэнкі, абапершыся на сваю “новую апазіцыю”.

І другі варыянт — калі б пратэстны рух быў зьнішчаны, — Масква гатова падтрымаць аслабленага Лукашэнку, даць крэдыты і дыктаваць умовы аншлюсу (”інтэграцыі”, “адзінай дзяржавы” і т.п.).

Калі пратэстны рух ня выльецца ў нацыянальную рэвалюцыю, ня вылучыць нацыянальную палітычна-арганізаваную сілу, тады перашкодзіць Крамлю будзе амаль немагчыма.

(Улічым, што канцовы этап маскоўскай палітыкі супраць Беларусі не мяняецца ніколі і незалежны ад характару расейскай улады — аншлюс, анэксія, захоп, “аб’яднаньне”.)

Аб нацыянальных шансах свабоды. Шансы існуюць. Парадокс ў тым, што ў гэтых абставінах яны цяпер залежаць ня толькі ад краху рэжыму, але і ад працягласьці агоніі яго існаваньня. Тое таксама небясьпечна, бо агонія — гэта ёсьць разбурэньне дзяржавы. Антычалавечы рэжым не павінен быць.

Неабходна працягваць мірны пратэст і абавязкова — нацыянальна-асьветніцкую і палітычна-арганізацыйную беларускую працу. Трэба сьпяшацца.

4 сьнежань 2020 г.
Зянон Пазьняк
3.3K views11:38
Адкрыць / каментаваць
2020-11-29 23:14:41 НЕКАЛЬКІ ЗАЦЕМАК ПРА ЦЯПЕРАШНЯЕ І БЫЛОЕ

15 студзеня 1993 года адбыўся афіцыйны візіт прэзыдэнта ЗША Уільяма Клінтана ў Менск. Было запланавана афіцыйнае спатканьне прэзыдэнта з кіраўніцтвам парляманцкай Апазыцыі БНФ і з дэмакратычнай супольнасьцю.

Спатканьне адбылося ў першай палове дня ва ўрадавай рэзыдэнцыі афіцыйных прыёмаў. Ад дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце былі: кіраўнік Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі -- прэм'ер-міністар Ценявога ўраду БНФ; ад дэмакратычнай супольнасьці -- Аляксандар Дабравольскі. З амэрыканскага боку быў прэзыдэнт Клінтан (і перакладчык). Размова доўжылася паўгадзіны. Асноўныя пытаньні -- вывад ядзернай зброі зь Беларусі, Чарнобыльская катастрофа, дэмакратызацыя і свабода друку.

Клінтан быў стрыманы, ветлівы, нідзе не выступаў за рамкі дзелавога дыялогу. Індывідуальных пачуцьцёвых зрухаў я ў ім не заўважыў, нават калі расказваў яму пра Чарнобыль.

У гэты ж дзень я спатыкаўся з Клінтанам яшчэ раз у Курапатах (нягледзячы на адчайны супраціў прэм'ер-міністра Кебіча і КГБ; потым пра гэта не далі інфармацыі). У Курапатах я чакаў прэзыдэнта каля Крыжа Пакуты. Ён падыйшоў з перакладчыцай (уся дэлегацыя засталася ля машынаў на шашы). Я павітаў прэзыдэнта, коратка паведаміў, што гэта за месца і гісторыю Крыжа Пакуты. Потым выказаў яму спачуваньне з прычыны нядаўняй сьмерці ягонай маці, сказаў, што Курапаты ёсьць месцам жалобы ўсёй Беларусі. Прэзыдэнт Клінтан падышоў да Крыжа, схіліў галаву ў жалобе і стаяў так больш хвіліны. Па дарозе на курапацкую "Галгофу" Клінтан спытаў у мяне, чаму Курапаты не выглядаюць мэмарыялам. Я адказаў: "Таму што ў Беларусі засталіся кіраваць нашчадкі тых, што расстрэльвалі народ."

Пра той дзень можна б было расказаць шмат цікавага і павучальнага. Але крочым наперад.

Пасьля візіту ў мяне была размова з амэрыканскім амбасадарам Дэвідам Суарцам (вялікім сябрам Беларусі, як мы яго менавалі). Амбасадар паведаміў, што амэрыканцы хацелі б запрасіць прадстаўніка ад парляманцкай Апазыцыі на інаўгурацыю прэзыдэнта ЗША. Я прапанаваў прэм'ер-міністра Ценевага ўраду БНФ Уладзімера Заблоцкага.

Інаўгурацыя адбылася 17-19 студзеня 1993 года. У ёй удзельнічала 800 тысячаў чалавек -- тысячы асобаў з усяго сьвету былі запрошаныя на гэтае мерапрыемства, якое адбываецца ўрачыста, з прамовамі, балямі, файервэркамі, танцамі, прысягай прэзыдэнта на Бібліі і г. д.

Ул. Заблоцкі прысутнічаў на адным з прыёмаў, ручкаўся з Клінтанам, перакінуліся дзяжурнымі фразамі. Увогуле, інаўгурацыя ў ЗША -- гэта сьвята, помпа і ўрачыстасьць. На некаторых інаўгурацыях прысутнічала да 2-х мільёнаў чалавек. Традыцыі вельмі цікавыя і падрабязна пратакольна расьпісаныя. Пасьля прыняцьця прысягі новым прэзыдэнтам, адыходзячы прэзыдэнт сядае з жонкай у верталёт і проста з Капіталійскага ўзгорку адлятае на вайсковую базу ЗША, разьвітаўшыся зь Белым домам. Так вось яно дзеецца ў людзей.

Зь Беларусі, на колькі мне вядома на сёньняшні дзень, на мяркуемую інаўгурацыю Байдэна не запрасілі нікога. Ня надта верыцца, што амэрыканцы пачнуць, як эўрапейцы, гуляць у прафанацыю з Ціханоўскай. Тым часам журналісты з "Вашынгтон пост" ужо выказалі жаданьне, каб яе запрасілі.

У 1996 годзе мне і Сяргею Навумчыку прыходзілася спатыкацца з сенатарам Джо Байдэнам у яго сенацкім офісе міжнароднай палітыкі. Гаворка з нашага боку ішла пра геапалітыку і небясьпеку для Беларусі з боку Расеі. Амэрыканцы тады былі занепакоены адмоўнай пазыцыяй Расеі ў сувязі з пашырэньнем НАТО (трэба было "ўламаць" Крэмль) і праблемы зь Беларусяй амэрыканцам маглі ў гэтым толькі перашкодзіць.

За апошнія 10-15 гадоў я чуў ня раз пра крытычнае стаўленьне Байдэна да Расеі. Якія дачыненьні будуць цяпер (у выпадку калі пацьвердзіцца выбраньне Байдэна), гадаць не прыходзіцца. Але абапірацца беларусам трэба толькі на сябе. Бяда, праўда, у тым, што ў Беларусі беларусам спадзявацца яшчэ няма на каго. Чужыя сілы штурхаюцца за ўладу ў Беларусі.

29 лістапад 2020 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
3.2K views20:14
Адкрыць / каментаваць
2020-11-28 08:33:23 "МЫ ВЫЙДЗЕМ ШЧЫЛЬНЫМІ РАДАМІ"

Сёлета спаўняецца сто гадоў Слуцкаму збройнаму чыну, як прынята цяпер у гісторыяграфіі называць ваенныя дзеяньні беларускага дабраахвотнага войска на Случчыне па абароне тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі ад акупацыйнай арміі рускіх бальшавікоў.

Стварэньне Слуцкіх палкоў беларускага дабраахвотнага войска -- было прыкладам хуткай самаарганізацыі народа перад небясьпекай расейскай акупацыі. За тры дні ў войска запісалася дзесяць тысячаў дабраахвотнікаў. Не хапала зброі, таму палову дабраахвотнікаў распусьцілі па хатах. Але шмат хто застаўся ў шэрагах бяз зброі ў надзеі здабыць яе ў баях з бальшавікамі.

З 27-га лістапада 1920 года і па канец сьнежня два слуцкія беларускія палкі ўтрымлівалі фронт працягласьцю сто кілёмэтраў, спынілі наступ бальшавіцкай арды і выбілі ворагаў з акупаваных вёсак.

Увесь народ падтрымліваў сваіх ваяроў. Але ў другой палове сьнежня расейцы кінулі супраць слуцкай брыгады ўсю 16-ю бальшавіцкую армію.

Нягледзячы на шалёную перавагу ворага, жаўнеры слуцкага войска БНР яшчэ некалькі тыдняў стрымлівалі расейскую арду, пераходзілі ў контратакі, выбівалі ворага зь вёсак і пазыцый.

Аднак сілы былі настолькі няроўнымі, што палкі (1500 жаўнераў) вымушаныя былі адступіць за раку Лань на тэрыторыю, акупаваную палякамі. Аддзелы былі разброеныя. 400 ваяроў засталіся на Случчыне і доўгі час вялі партызанскую барацьбу з акупантамі.

Тады грымела ўся Беларусь. Партызанскі супраціў супраць рускіх камуністаў яшчэ доўжыўся некалькі гадоў.

Беларусь тых часоў ужо была абуджанай змагарнай нацыяй. БНР не пасьпела стварыць рэгулярнае войска, дык народ ствараў яго сам, бяручыся за зброю.

Беларускі ўздым і дух беларускі засьведчыў сябе ўжо ў 1917 годзе, калі сабраўся Першы Усебеларускі Кангрэс, ад якога і пачалася Рада БНР, урад і незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тады навісла сьмяртэльная небясьпека над нашым народам. Нямецкая акупацыя перарасла ў бальшавіцка-расейскую, потым ў шавіністычна-польскую. Ворагі падзялілі Беларусь, разарвалі на кавалкі.

Аднак гэта быў адначасна і гераічны час адчайнага супраціву і народнага змаганьня за волю і свабоду Беларусі. Тады якраз змагар Слуцкага збройнага чыну БНР і ўдзельнік барацьбы Макар Краўцоў напісаў верш, які, пакладзены на музыку, стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі -- "Мы выйдзем шчыльнымі радамі." Гэты гімн увесь час гучэў у душах беларусаў, гучыць цяпер і будзе гучэць у вольнай Рэспубліцы Беларусь.


Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!


Няхай жыве магутны, сьмелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух.


На бой! За шчасьце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой — усе да аднаго!


Гэтыя словы гучаць вечна. Гучаць надзённа, пакуль беларусам пагражае Масква. І толькі калі яна зьнікне, сканае, захлынецца ва ўласнай крыві -- гэты гімн стане гісторыяй -- гімнам вольнай Белапрусі.

Слава Айчыне! Слава Слуцкім героям! Наперадзе воля!

27 Лістапад 2020 г.
Зянон Пазьняк
2.7K views05:33
Адкрыць / каментаваць
2020-11-25 16:37:40 ПРА КАРНІКАЎ

Злачынствы лукашысцкіх карнікаў -- гэта злачынствы супраць народа. Яны маюць выключны характар па антызаконнасьці, жорсткасьці, нянавісьці да Беларускай нацыі і маральнай подласьці.

Адказнасьць за злачынствы (і выкананьне злачынных загадаў) кожнай структуры і кожнага спраўцы вызначаецца ў ходзе сьледзтва.

Тым часам "ОМОН" будзе аб'яўлены тэрарыстычнай бандыцкай арганізацыяй. Прыналежнасьць да ОМОНу цягне на калектыўную адказнасьць. Будуць арыштаваныя ўсе ўдзельнікі гэтага фармаваньня плюс дабраахвотнікі-садысты з 5-й брыгады спэцназу (30 асобін), якія жорстка зьбівалі і катавалі беларусаў.

Выпраўленьню гэтыя паўжывёлы не падлягаюць. Але падыход суду будзе на ўзроўні права -- індывідуальны. Вырак атрымаюць за злачынствы, якія будуць даказаныя.

У Беларускім крымінальным заканадаўстве застаўся справядлівы і паўсюдна неабходны артыкул права (да якога не дабраўся антычалавечы рэжым) -- сьмяротнае пакараньне спраўцаў за асабліва цяжкія злачынствы, зьвязаныя з забойствам людзей. Ён будзе задзейнічаны да спраўцы злачынных загадаў, якія пацягнулі сьмерць людзей, да забойцаў з аддзелу ОМОН і выкананы.

24-ХІ-2020
Зянон Пазьняк
3.0K views13:37
Адкрыць / каментаваць
2020-11-21 10:35:27 ВАЙНА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСАЎ, ЯКУЮ БЕЛАРУСАМ ТРЭБА ПЕРАМАГЧЫ

Сітуацыя небясьпечная для Беларусі ўвесь час. Небясьпека ў тым, што палітычная барацьба за ўладу адбываецца паміж двума антыбеларускімі сіламі -- аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі і добра падрыхтаванай групоўкай Газпрама-ФСБ.

Беларуская нацыянальная палітыка і беларускія палітычныя сілы адсутнічаюць у гэтай барацьбе, заблакаваныя, ізаляваныя і вынішчаныя антыбеларускім рэжымам.

Сітуацыя пагражала скласьціся не на карысьць Беларусі, калі б не народная электаральная рэвалюцыя, якая адпрэчыла пачатак краху дзяржавы і трымае становішча без разьвязкі да сёньняшняга дня.

Пакуль доўжацца масавыя пратэсты, датуль існуе магчымасьць самаарганізацыі і стварэньня беларускай нацыянальнай палітычнай сілы. Ідэалагічная база тут каласальная -- уся гісторыя і вопыт беларускага Адраджэньня. Праграмна-палітычная анова распрацавана яшчэ ў 2017 годзе (праграма "Вольная Беларусь"). Тым ня менш, трохмесячныя дэкларацыйныя спробы выпусьціць на паверхню беларускі палітычны рух Вольная Беларусь, які б узяў на сябе змаганьне за нацыянальную будучыню краіны, практычных вынікаў да гэтага часу не прынесьлі. Адна з прычын -- грамадзтва яшчэ не сасьпела да нацыянальна-палітычнай самарганізацыі ў барацьбе за ўладу. Нацыянальныя палітыкі і асобы за гэты час не зьявіліся. Тым ня менш, грамадзкі рэсурс для беларускай палітыкі (асабліва пакуль трываюць масавыя пратэсты) застаецца.

Чытаць далей >>>
3.1K views07:35
Адкрыць / каментаваць
2020-11-13 07:30:45 ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ЗАГІНУЛЫМ ЗА БЕЛАРУСЬ

Выказваю шчырае і глыбокае спачуваньне сям'і, сваякам, родным і блізкім Рамана Бандарэнкі, загінулага ад рук карнікаў антыбеларускага прамаскоўскага рэжыму. Яго забівала міліцэйская зграя рэжыму ў міліцэйскай машыне і давершыла забойства ў аддзеле міліцыі Цэнтральнага раёна Менска. Кара забойцам немінучая.

Але ёсьць галоўны забойца народа, які ненавідзіць беларусаў, усё беларускае і накіроўвае банды карнікаў супраць мірных людзей. Ён і спрыяльная яму Масква нясуць адказнасьць за забойствы людзей і за вайну, якую яны вядуць супраць беларускага народа. Кара для галоўнага злачынцы і арганізатара забойстваў насьцігне яго. Ён не схаваецца і не ўцячэ, і нішто яго не ўратуе. Кроў забітых будзе адпомшчана. Памяць пра загінулых будзе жыць і стане неўміручай у вольнай Беларусі.

Вечная памяць Раману Бандарэнку і ўсім загінулым за волю, свабоду і праўду Айчыны!


12 лістапад 2020 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
7.1K views04:30
Адкрыць / каментаваць
2020-10-30 17:54:18 1 ЛІСТАПАДА — ШЭСЬЦЕ Ў КУРАПАТЫ

Ужо 30 гадоў кожны год на Дзяды адбываецца Крыжовае шэсьце ў Курапаты. Людзі йшлі і несьлі на плячах крыжы памяці. Так ўзьнік Народны Мэмарыял Курапаты – Лес крыжоў – памятны магільнік камуністычнага генацыду народа.

1-га лістапада ў нядзелю трэба йсьці ў Курапаты, пакланіцца расстрэльным магілам людзей. Трэба памятаць увесь час, вечна, пакуль будзе жыць Беларусь, шанаваць памяць продкаў, каб не паўтарылася маскоўскае зло і не спынілася духоўная плынь жыцьця. Усе на Курапаты ў Дзень Дзядоў.  Хвіліны маўчаньня і скруха, хай адродзяць уздым і прасьвятленьне розуму, салідарнасьць і воля хай апануюць наш вечны дух дзеля Айчыны дарагой і любімай.

30 кастрычнік 2020 г.
Зянон Пазьняк
5.2K viewsedited  14:54
Адкрыць / каментаваць
2020-10-30 09:06:15 ПАРАЛЕЛІ

(Ліст да сяброў народнай партыі – КХП-БНФ)

Зьявілася інфармацыя, што спадар Латушка стварае Народную антыкрызісную управу, якая прызначана на пераходны пэрыяд (у выпадку, калі ён узьнікне), як выканаўчая структура пасьля ліквідацыі ўлады Лукашэнкі.

З гледзішча пэрспэктывы пераменаў гэта ёсьць тактычна абгрунтаванае дзеяньне, якое адпавядае парадку пераходу ўлады, распісанага ў праграме "Вольная Беларусь" (што сьведчыць аб знаёмстве ініцыятараў з праграмай і што пахвальна). Іншая справа, чым будзе напоўненая гэтая ініцыятыва асобаў, што прыйшлі з лукашысцкай сістэмы, азіраючыся на Маскву. Вопыт паказвае, што нічога добрага не прадбачыцца.

Гэтая структура (калі яна рэальна створыцца) мае паралельнае значэньне зь Беларускім Нацыянальным Сакратарыятам "Вольная Беларусь" (які працуе цяпер над стварэньнем Народнага трыбуналу) і ставіць падобныя выканаўчыя задачы пасьля краху рэжыму. Толькі БНС на Маскву не азіраецца і на Эўропу не спадзяецца. Наша пэрспэктыва -- Беларуская Беларусь. Гэта адзіна жыцьцёвы шлях для нацыі, калі яна можа дзеіць і існаваць у Беларускім сьвеце, бо "русскій мір" закляты вораг яе.

Зразумела, што паралельныя праекты з боку прамаскоўскіх непрыяцеляў Лукашэнкі будуць працягвацца, але ўсё вырашыць нацыянальны рух Вольная Беларусь, як толькі ён масава ўсплыве на паверхню.


POST SKRIPTUM. Тое ж самае зь нібыта "першым у гісторыі і ў Сусьвеце" так званым "кангрэсам Беларусаў" замежжа, які зьбіраюцца праводзіць людзі, што ня маюць аніякага паняцьця аб гісторыі барацьбы і дзейнасьці Беларускай эміграцыі. Некаторыя нават супраць сваёй мовы выступаюць (вывучыўшы замежныя). Тут, праўда, не паралелі, але прафанацыя беларускай справы, падлог.

29 кастрычнік 2020
Зянон Пазьняк
2.7K views06:06
Адкрыць / каментаваць