Get Mystery Box with random crypto!

​​ «Вялікае Княства Літоўскае Беларусь» (кароткая назва – Бела | Зянон Пазьняк

​​ «Вялікае Княства Літоўскае Беларусь» (кароткая назва – Беларусь): ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ПРА ДАПАЎНЕНЬНЕ НАЗВЫ КРАІНЫ

Урывак з брашуры «Прамаскоўскі рэжым». Зянон Пазьняк, 2005 г.

Наступны абавязковы этап – палітычны: вярнуць афіцыйную назву дзяржавы. Калі гэтага не зрабіць – значыць будаваць незалежнасьць на пяску, запраграмаваць шчарбатае, трэснутае грамадзтва з кволай самаідэнтэфікацыяй, поўнае супярэчнасьцяў на роўным месцы, і абсурдных спрэчак па недыскусійных пытаньнях.

Гэта ўжо відаць цяпер (і было раней) у распаўсюджваньні маргінальных зьяваў: адны хочуць называцца «Літвой», іншыя – «ліцьвінамі», трэція – увесьці лацінку, чацьвёртыя супраць назвы «Беларусь», пятыя – увогуле «крывічы» і г.д. Усё гэта – лякальнае адлюстраваньне незавершанасьці новага дзяржаўнага будаўніцтва, вынік нявырашанасьці таго, чаго не ўдалося вырашыць і зацьвердзіць у Канстытуцыі 1994 года. Канстытуцыя павінна засьведчыць гісторыю нацыі і дзяржавы ў наімнальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гэты важнейшы гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята. Гэта істотна.

Афіцыйная назва Англіі (ці Вялікабрытаніі) гучыць так: Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Амэрыка афіцыйна называецца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць яшчэ Вялікае Герцагства Люксэмбург, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Бэльгія, Каралеўствы Швэцыя, Данія, Ісламская Рэспубліка Іран, Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя і г.д. (мы ўжо не нагадваем пра СССР, БССР і інш.)

Шмат дзе (і там дзе гэта неабходна) афіцыйны назоў дзяржавы адлюстроўвае яе гістарычную, сацыяльную, альбо структурную сутнасьць. Становішча зь беларускай дзяржаўнасьцю і нацыяй па волі лёсу склалася такое, што вымагаецца адлюстраваньне гістарычнасьці ня толькі ў прэамбуле Канстытуцыі (чаго не было зроблена), але і ў назве краіны. Наша дзяржава на сёньняшні дзень – гэта ёсьць, фактычна, Вялікае Княства Літоўскае Беларусь (кароткая назва – Беларусь). Гэта сутнасьць, якая павінна б была стаць афіцыйнай назвай.

Тады застаецца Беларусь і беларусы, але зьнікаюць усе «пустыя» (інакш не назавеш) і надуманыя палітычныя ды гістарычна-этнічныя пытаньні, скончыцца блуканьне ў трох соснах хіжага розуму і ўсё становіцца на месца.

Зянон Пазьняк | Падпісацца