Get Mystery Box with random crypto!

Вялікдзень (альбо Пасха) — гэта ў першую чаргу пра духоўную па | worship.by

Вялікдзень (альбо Пасха) — гэта ў першую чаргу пра духоўную падрыхтоўку. Што пачытаць, паслухаць ці паглядзець перад Вялікднём? Прыводзім наш суб’ектныўны сьпіс

Біблія (чытаем).
Шмат камэнтароў тут ня трэба. Безумоўна, трэба чытаць першакрыніцу. Усе Эвангельлі Новага Запавету раскажуць вам пра Ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, а ў кнізе Выхад у Старым Запавеце вы прачытаеце пра Песах — гісторыю таго, як Бог вывеў ізраільскі народ з эгіпецкага палону.

«Проста хрысьціянства» К.С. Льюіса (чытаем).
Гэтая кніга нарадзілася падчас Другой сусьветнай вайны. У ёй Льюіс паслядоўна выкладае ўва што вераць хрысьціяне. Да Вялікдня гэтую кнігу вы не пасьпееце прачытаць (ці пасьпееце? ), але паставіць у свой «рыдліст» на гэты год варта. Тым больш што нядаўна кніга выйшла па-беларуску. Пішыце ў наш бот, раскажам, дзе яе набыць.

Падкасты «Жыць - не выжываць» (слухаем)
Так, мы зноў прыгадваем пра нашыя аўтарскія падкасты з загадкавай назвай. Тут на іх спасылка.

Гісторыя аднаго пратэсту #13 Вялікдзень – сьвята перамогі (глядзім)
Знакамітае інтэрвію з пастарам Антоніем Бокунам — проста абавязкова для праслухоўваньня ў гэтыя дні. Там вы даведаецеся: Як сьвяткаваць Вялікдзень? Чаму Ісус згадзіўся на сьмерць і не сышоў з крыжа? Чаму нешта дрэннае здараецца з добрымі людзьмі? У відэа падымаецца значна болей тэмаў — 50 хвілін цікавай і натхняльнай інфармацыі.

Фільм «Бэн-Гур» 1959 года (глядзім)
Можна зрабіць сабе палёгку і паглядзець экранізацыю Бэн-Гура (менавіта 1959 год!). Эпічная гісторыя атрымала эпічную экранізацыю. Фільму шмат гадоў, ідзе ён 222 хвіліны, але зробленая па-майстэрску праца прыцягне вас да манітораў. Дарэчы, фільм атрымаў Оскары ў 11 (!) намінацыях. Ці магчыма такое зараз, каб фільм па біблійных матывах меў такое прызнаньне?..

Плян чытаньня ў прыкладаньні YouVersion Навошта нам Вялікдзень? (зноў чытаем)
Хто з вас чытае Біблію на тэлефоне праз YouVersion? Думаем, багата хто. Калі раптам вы ня з гэтага ліку людзей, то інфармуем — Біблію па-беларуску ў розных перакладах можна чытаць на тэлефоне. Напрыклад, праз YouVersion. Таксама ў гэтым прыкладаньні ёсьць асобныя пляны чытаньня з камэнтарамі. Такія міні-казаньні. Спампуйце прыкладаньне і пачытайце. Зойдзе лёгка.


Дзяліцеся тым, як вы рыхтуецеся да Вялікдня. Якія ёсьць традыцыі ў вашай царкве? Дарэчы, у нас на сайце ёсьць падборка сьпеваў для Пасхі. Калі ласка, карыстайцеся! Словы, акорды, ноты, запісы — усё ў адным месцы.