Get Mystery Box with random crypto!

​Што такое каштоўнасці правоў чалавека? У аснове канцэпцыі пр | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Што такое каштоўнасці правоў чалавека?

У аснове канцэпцыі правоў чалавека ляжаць дзве асноўныя каштоўнасці: першая – гэта чалавечая годнасць, а другая – роўнасць. Правы чалавека можна разумець як штосьці, што вызначае базавыя нормы, патрэбныя для таго, каб жыць з пачуццём вартасці, і іх універсальнасць вынікае з таго, што, прынамсі, у гэтым усе людзі роўныя. Мы не павінны і не можам тут некага вылучаць. Па сутнасці, каб прыняць канцэпцыю правоў чалавека, дастаткова толькі прызнання гэтых двух перакананняў ці каштоўнасцяў, і наўрад ці хто-небудзь стане іх аспрэчваць. Менавіта таму правы чалавека атрымліваюць падтрымку з боку ўсіх сусветных культур, усіх цывілізаваных урадаў і ўсіх асноўных рэлігій. Амаль паўсюдна прызнана, што ўлада дзяржавы не можа быць бязмежнай ці адвольнай, яна павінна быць абмежавана патрэбай забяспечыць хаця б мінімальныя ўмовы ўсім, хто знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй, каб яны маглі жыць з пачуццём чалавечай годнасці.
З гэтых дзвюх асноўных каштоўнасцяў можна вывесці шмат якія іншыя і з іх дапамогай дакладней вызначыць, як на практыцы павінны суіснаваць людзі і грамадства. Напрыклад:

Свабода: паколькі чалавечая воля складае важную частку чалавечай годнасці. Прымус рабіць нешта насуперак нашаму жаданню прыніжае чалавечую асобу.
Павага да іншых: паколькі адсутнасць павагі да іншых не дазваляе ацаніць іх індывідуальнасць і іх чалавечую годнасць.
Недапушчальнасць дыскрымінацыі: паколькі роўнасць людзей у чалавечай годнасці азначае, што мы не можам судзіць пра правы і магчымасці людзей, зыходзячы з іх фізічных ці іншых прыкмет.
Памяркоўнасць: паколькі няцярпімасць паказвае на адсутнасць павагі да адрозненняў, а роўнасць не азначае тоеснасці ці аднастайнасці.
Справядлівасць: паколькі людзі, роўныя ў сваёй прыналежнасці да чалавечага роду, заслугоўваюць справядлівых адносінаў.
Адказнасць: паколькі павага да правоў іншых людзей дапускае адказнасць кожнага чалавека за яго дзеянні і патрабуе ад яго намаганняў, скіраваных на рэалізацыю яго правоў і правоў усіх людзей.