Get Mystery Box with random crypto!

​Паэтка Вальжына Морт у межах праекту 'Паштоўкі ад вясноўкі' н | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Паэтка Вальжына Морт у межах праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" напісала ліст Алане Гебрамарыям, у якім перадала прывітанне ад вядомай эфіопскай пісьменніцы Маазы Менгістэ.

"Дарагая Алана,

Нялёгка пісаць незнаёмаму чалавеку, але ў мяне ёсць нагода. Учора я распавядала пра вас Маазе Менгістэ, вядомай і шанаванай пісьменніцы з Эфіопіі, якая жыве ў Нью-Йорку. Мааза прасіла перадаць вам, што ведае пра вас, хвалюецца за вас, і шле вам і вашым калегам па крымінальнай справе словы падтрымкі і вялікай павагі.

Апошні раман Маазы, «Кароль ценяў», распавядае пра «жаночы твар» вайны эфіопаў супраць фашысцкай Італіі ў 1935 годзе. Мусаліні паказваў італьянцам фотаздымкі эфіопскіх жанчын, каб завабіць іх запісвацца на вайну. Але жанчыны былі не толькі аб’ектам гвалту, яны змагаліся супраць акупацыі. Салдаты-жанчыны выпалі з афіцыйнай памяці гэтай вайны, але яны былі, і пісьменніца знайшла не толькі іх гісторыі, раскіданыя па архівах, але і даведалася, што і ў яе сям’і была салдатка – яе прабабуля, Гетэй.

Калі Мусаліні рушыў на Эфіопію, Хайле Селасіе загадаў, каб ад кожнай сям’і на барацьбу аддалі старэйшага сына. У сям’і прабабулі Маазы не было сыноў, але Гетэй была старэйшай дачкой і яна заявіла, што возьме бацькаву зброю і пойдзе на вайну. Бацька не дазваляў ён. Ён сказаў, што ад іх сям’і мусіць ісці хлопец, з якім Гетэй была заручаная. Тады дзяўчына пайшла ў суд і перамагла. Калі суддзя прачытаў сваё рашэнне, яна ўзняла зброю над галавою і заспявала.

Я б хацела даслаць вам гэтую кніжку, але не ведаю, ці дазволена дасылаць кніжкі з ЗША ў беларускую турму… Няхай Мааза падпіша, а я перадам вам асобнік, калі вы будзеце на волі. Бо вы будзеце на волі і мы будзем сустракацца, знаёміцца і абменьвацца любімымі кніжкамі. Я абдымаю вас за сябе, і за Маазу, і за Гетэй.

Вальжына Морт

3 лістапада 2021"

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Алане Тадэге Гебрамарыям:
ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі