Get Mystery Box with random crypto!

​Журналіст Ігар Карней далучыўся да праекту 'Паштоўкі ад вясно | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Журналіст Ігар Карней далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Андрэю Пятроўскаму.

"Мяне завуць Ігар Карней, я журналіст, і мы з вамі землякі – назаўжды са Смаргоншчынай у сэрцы)

Шчыра шкадую, што даведаўся пра такога прынцыповага і пасьлядоўнага чалавека толькі пасьля таго, як закруціўся махавік рэпрэсіўнай машыны. Што-што, а справы сыстэма кляпае хутка, не зважаючы на здаровы сэнс. Даводзіцца канстатаваць, што на гэтым гістарычным этапе ёй важныя не выбітныя асобы, а безгалосыя прыстасаванцы.

У лепшыя часы маглі б пакантактаваць з больш спрыяльнай нагоды – сустрэцца і абмеркаваць лёс беларускай адукацыі, месца ў ёй настаўніка і вучня, нацыянальнай ідэі і агрэсіўнай ідэалёгіі. Давядзецца візыт адкласьці, але гэта толькі адтэрміноўка, бо ён ужо ў чарзе чаканьня.

Веру, што форс-мажорнае выпрабаваньне ня дасьць згаснуць унутранаму полымю, бо моцныя духам не капітулююць перад самадурствам чынушаў. Вы ў любым разе пераможца: да канца адстойвалі свае перакананьні, у тым ліку падчас сьмехатворнага судзілішча. Але каму, як ня вам, ведаць, што гісторыя Беларусі не вымяраецца апошнімі 27 гадамі. Хутчэй, праз пакаленьне гэты адрэзак будзе ўспрымацца як адзін з самых трагічных...

Галоўнае, што на вашым баку дзеці -- ня лічачы адзінкавых “паўлікаўмарозавых”, якія для балянсу ёсьць і будуць ва ўсе часы. З вамі салідарныя бацькі і такія ж адданыя справе калегі-настаўнікі.

Я веру ў смаргонцаў, чый заходнебеларускі дух ня будзе пакорліва трываць цемрашальства. Прынамсі мінулагодняя актыўнасьць гараджанаў гэта яскрава прадэманстравала. Паводле падобнага абсурднага абвінавачваньня адбывае пакараньне яшчэ адзін слаўны зямляк, выдавец і прадпрымальнік Рамуальд Улан.

Многія выбітныя людзі нашага краю ў розны час былі пазначаныя турэмным кляймом, якое на справе азначае “знак якасьці” – на жаль, прымітыўныя ў сваім развіцьці таталітарныя рэжымы ня ведаюць іншых спосабаў супрацьстаяць іншадумству. Так, некаму не давялося дажыць да сьветлых пераменаў, але, дзякуй Богу, і сьвет зьмяніўся, новыя Курапаты сталі недазвольнай “раскошай” для аматараў расстрэльных аргумэнтаў.

Не сумняваюся, што ў агляднай будучыні ваш досьвед абавязкова будзе запатрабаваны ў той сфэры, дзе вы сапраўды майстар – у працы з дзецьмі. Ня кожнаму наканавана заслужыць давер аўдыторыі, надзвычай адчувальнай да фальшы і няшчырасьці. Таму і любімых настаўнікаў можна пералічыць на адной руцэ. І вы ў гэтай “іерархіі” -- якраз узьняты ўверх вялікі палец. Адзнака няскоранасьці і адданасьці ўнутраным каштоўнасьцям."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Андрэю Францавічу Пятроўскаму:
ПК№2, 213800, г.Бабруйск, вул. Сікорскага, 1
.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі