Get Mystery Box with random crypto!

​Галоўны рэдактар 'Трыбуна Дзіджытал' Алег Гаруновіч далучыўся | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Галоўны рэдактар "Трыбуна Дзіджытал" Алег Гаруновіч далучыўся да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісаў ліст Аляксею Беразінскаму - жыхару Ждановічаў, асуджанаму на тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

"Лёша, вітаю.
Вельмі ўзрадаваўся, калі атрымаў ліст ад цябе, і не адразу паглядзеў на дату. А там – ажно пачатак мая! То бок на волю ліст ішоў амаль месяц замест звычайнай пары дзён. Штосьці здарылася з нашай поштай, трэба аб’явіць ёй вымову.
Чыталі тваё пасланне ўсёй сям’ёй, бо я не мог разабрацца ў почырку. Выбачай, што парушыў канфедыцыйнасць, але прыйшлося падключаць жонку. Яна больш глазастая і кемлівая. Сказаў твайму брату аб праблеме, дык ён пагадзіўся. Сказаў, што такі почырк можна пабачыць толькі ў пячорах, дзе жылі старажытныя людзі. А мая жонка пасля ліста заявіла: цікавы хлопец. Цяпер і не ведаю, што думаць.
Сяброўцы, пра якую ты пісаў, нічога ад цябе не прыйшло, на жаль. Затое яшчэ адна наша з табой агульная знаёмая атрымала ад цябе абяцаны падарунак. Кажа, была вельмі ўсцешаная. Нават чакаць такога не магла.
Дзякуй, што клапоцішся пра мяне і не раіш заязджаць да цябе. Шчыра кажучы, я і не імкнуся. Але хто яго ведае, як складуцца абставіны. Зараз да многіх сайтаў не вельмі добрае стаўленне, і Трыбуна – не выключэнне.
Пішу табе на чацвёрты дзень футбольнага Еўра. Многа дурных спраў, дык я ні воднага матча яшчэ не глядзеў. Вось шкадую, што прапусціў Галандыя – Україна. Украінцы саступілі 2:3, але які гол забіў Ярмоленка! У чэхаў Шык закінуў амаль з цэнтра поля. Бельгійцы надавалі рускім па азадку 3:0. Нейкі расійскі камуніст заявіў, што каманду, мяркуючы па ўсім, ці то чымсьці накармілі, ці то апраменілі, ха-ха. Сказаў, што са зборнай павінны едзець прадстаўнікі ФСБ – як мімінмум пяць штук, каб не дапускаць правакацый. Але мне падаецца, што бельгійцы раскаталі Расію і без гэтых маніпуляцый.
Яшчэ раз да почырка. Не вельмі зразумеў, што ты напісаў пра футбол. Штосьці цябе цікавіла, але што менавіта – я і не ведаю. Таму і не скажу нічога. Але калі ты ўдакладніш, я ўсё распавяду. Шкада, што мы не перапісваемся ў тэлеграме. Я б табе гол Ярмоленкі скінуў, і ўсё астатняе адразу.
Разумею, што сваімі словамі з каляндара “Нашай нівы” я цябе не ўраджу, але вось якія словы ўпадабаў за апошні час:

Зёлкі – лекавыя травы.
Кешкацца – корпацца, калупацца.
Круцель – прайдзісвет, махляр.
Палюднець – набыць прыкметы прысутнасці чалавека.
Ростань – месца, дзе перакрыжоўваюцца дарогі, раздарожжа.
Нішчымны – без нічога, посны, пусты.

Я, дарэчы, узяўся за зборнік Васіля Быкава. Увогуле маю намер чытаць з большага па-беларуску. Галоўнае, каб пераклады былі, хаця, ведаеш, зараз неяк не да чытання. Ніяк не магу сканцэнтравацца. Увесь час пераключаюся на навіны: ці не здарылася што яшчэ? Падзей вельмі многа, але нават пісаць табе не буду, каб цэнзар не крэсліў і не выкідаў.
Не сумуй. Усе пра цябе помняць і цябе чакаюць. Я ўжо два гады не іграю ў футбол. Але як выйдзеш, давай зарубімся. Ты, як заўжды, па поўнай мяне адвозіш, але я ні разу не дам табе па нагах – абяцаю, хаця, канешне, для гэтага прыйдзецца перагледзіць сваю філасофію гульні.
Такія справы. Пішы, як там у цябе".

Вы таксама можаце напісаць ліст падтрымкі Аляксею Ігаравічу Беразінскаму:
ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі