Get Mystery Box with random crypto!

Дыпляматычная гульня Лукашэнкі. Што стаіць за візытам Шэймана | КАРБАЛЕВІЧ

Дыпляматычная гульня Лукашэнкі. Што стаіць за візытам Шэймана ў Абхазію
27 чэрвень 2022, 14:13
Валер Карбалевіч

Паводле прэс-службы кіраўніка самаабвешчанай Абхазіі, спэцыяльны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман у пятніцу, 24 чэрвеня, пабываў у гэтай «краіне» і правёў афіцыйную сустрэчу зь яе прэзыдэнтам Асланам Бжанія ў прысутнасьці кіраўніка МЗС Інала Ардзінбы.

Здавалася б, падзея малацікавая, руцінная. Аднак некаторыя мэдыя зрабілі зь яе выснову, што вядзецца падрыхтоўка да прызнаньня афіцыйным Менскам Абхазіі ў якасьці незалежнай дзяржавы.

Мне думаецца, што такія высновы заўчасныя. Калі б беларускія ўлады сапраўды зьбіраліся прызнаць Абхазію, то накіравалі б туды чыноўніка больш высокага рангу, кшталту віцэ-прэм’ера ці намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. А Шэйман цяпер не займае важных пасадаў. Спэцпрадстаўнік Лукашэнкі — гэта такі штучна прыдуманы статус.

Ды і ўвогуле, калі б Менск меў пляны прызнаць Абхазію, то дзеля гэтага ня трэба было б засылаць туды нейкіх чыноўнікаў. У такім выпадку МЗС мог бы выступіць з афіцыйнай заявай ці Лукашэнка выдаў бы нейкі ўказ адпаведнага зьместу.

І, зьвярніце ўвагу, інфармацыя пра візыт Шэймана зьявілася са спасылкай на абхаскія крыніцы. Беларускія дзяржаўныя мэдыя неяк ня згадваюць пра яго. Гэта таксама сьведчыць пра сапраўдны маштаб падзеі і рэальнасьць плянаў наконт прызнаньня Абхазіі.

А тое, што Шэймана прынялі на ўзроўні «прэзыдэнта», таксама зразумела. Абхазію амаль ніхто не прызнаў у якасьці незалежнай дзяржавы. Туды з-за мяжы зь ліку афіцыйных прадстаўнікоў ніхто не прыяжджае, акрамя расейскіх чыноўнікаў. І яны радыя любому візыту з трэцяй краіны, нават калі госьць мае сумнеўны статус.

Насамрэч візыт Шэймана — гэта такая імітацыя, дыпляматычная гульня. Яе сэнс у тым, каб паказаць, што, маўляў, мы прызнаём незалежнасьць самаабвешчанай Абхазіі дэ-факта, і ўхіліцца ад прызнаньня яе дэ-юрэ.

Гэта як з Крымам. Лукашэнка заявіў на словах, што прызнаём яго расейскім. Але ніякага афіцыйнага дакумэнту на гэты конт няма. І Крым ён дагэтуль не наведаў. Толькі паслаў туды дэлегацыю з праўладных прапагандыстаў. Была інфармацыя, што нібыта зь Беларусі ў Крым паедзе цягнік. Але нешта не атрымалася.

Тое самае з Данбасам. Вось зьезьдзіў туды дэпутат Гайдукевіч, даў шмат інтэрвію. А «ДНР» і «ЛНР» у Менску так і не прызналі.

Здавалася б, цяпер беларускі рэжым апынуўся ў такой сытуацыі, што яму няма чаго губляць, ужо ўсё, што можна страціць, ужо страчана. Мог бы і прызнаць усе гэтыя самаабвешчаныя рэспублікі. Паводле прынцыпу: згарэў хлеў, гары і хата.

Аднак тут ёсьць адна праблема. Справа ў тым, што, як толькі Менск прызнае ўсе гэтыя «ДНР», «ЛНР», Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, Прыднястроўе, то адразу паўстане пытаньне пра ўступленьне гэтых марыянэтачных утварэньняў у «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расеі. А гэта для Лукашэнкі вельмі непрыемна. Цяпер Беларусь для Расеі — эксклюзіўны саюзьнік. Раз на месяц Лукашэнка сустракаецца з Пуціным, і гэта, акрамя эканамічных дывідэндаў, дае яму пэўны палітычны падмурак у вачах уласнай намэнклятуры. А калі «саюзная дзяржава» ператворыцца ў «саюз марыянэтак Расеі», то статус Беларусі рэзка зьнізіцца да ўзроўню гэтых амаль нікім не прызнаных маленькіх квазідзяржаўных утварэньняў. Гэта вельмі ганебна для афіцыйнага Менску і пэрсанальна для Лукашэнкі.

Таму на просьбу Масквы прызнаць Абхазію Менск адказвае: а мы накіруем туды Шэймана. Ён выкажа ўсялякую падтрымку, вялізную павагу і гатоўнасьць да ўсёабдымнага супрацоўніцтва. І абяцаньне хуткага прызнаньня. Калі-небудзь, у недалёкай будучыні. І каб ніхто не сумняваўся, вось вам падарункі асабіста ад Лукашэнкі.