Get Mystery Box with random crypto!

Якія палітычныя пэрспэктывы Віктара Бабарыкі пасьля прысуду 06 | КАРБАЛЕВІЧ

Якія палітычныя пэрспэктывы Віктара Бабарыкі пасьля прысуду
06 ліпень 2021, 14:34
Валер Карбалевіч
Галоўнаму палітвязьню Беларусі Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня. Так жорстка не каралі ніводнага з апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі за 27 гадоў ягонага кіраваньня.

Аднак колькі рэальна будзе сядзець Вітар Бабарыка, залежыць ад разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў краіне.
Віктар Бабарыка ўступіў у палітычнае змаганьне зь лёгікай бізнэсоўца. Ён дзейнічаў паводле добра распрацаванага бізнэс-пляну. Спачатку, задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў, ладзілася фінансавая падтрымка беларускай культуры. Потым сэрыя інтэрвію незалежным рэсурсам, якія з кожным разам станавіліся сьмялейшымі. І, нарэшце, абвяшчэньне ўступленьня ў выбарчую кампанію.

Вобраз эфэктыўнага мэнэджара прыйшоўся даспадобы беларусам, і ягоная папулярнасьць вельмі хутка вырасла.

Лёгіка бізнэсоўца мела як свае перавагі, так і заганы. Мінус быў у тым, што палітычныя працэсы разьвіваюцца па іншых правілах, чым бізнэс-працэсы.

Нельга абвінавачваць Бабарыку, што ён недакладна пралічыў. Усё пралічыць немагчыма, як у бізнэсе, так і ў палітыцы. На што ён разьлічваў, калі ўсім вядома, што выбараў у Беларусі няма? Часткова на гэтае пытаньне адказаў сам Віктар Бабарыка, канстатаваўшы «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій». Ён казаў, што калі нейкі альтэрнатыўны Лукашэнку кандыдат атрымае пераважную большасьць галасоў выбарнікаў, то ўся выбарчая машына зламаецца, бо фальсыфікацыю такіх маштабаў зрабіць немагчыма.

Разьлік Бабарыкі ў пэўным сэнсе спраўдзіўся, аднак з значнай карэкціроўкай. Яго «закрылі», не дапусьцілі да выбараў, але такой ступені брутальнасьці мала хто чакаў.

Выбарчая машына не развалілася, бо яна зьяўляецца часткай дзяржаўнага апарату. Нечакана, на што мала хто разьлічваў, паўстала грамадзтва, якое не паверыла ў 80% на карысьць Лукашэнкі. І калі б у першыя 10 дзён пасьля выбараў (тады ў краіне ўсё хісталася) удалося б вызваліць Бабарыку, то беларуская гісторыя пайшла б у іншым кірунку.

Суд адбыўся, і, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, Бабарыка будзе за кратамі. Ці варта ў такім выпадку цяпер разважаць пра палітычныя пэрспэктывы самага галоўнага палітвязьня краіны?

Мінулы палітычны досьвед Беларусі сьведчыць, што турма не дадае папулярнасьці апанэнтам Лукашэнкі.

Колькі адсядзелі за кратамі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец (і працягваюць сядзець), аднак іхны рэйтынг ад гэтага не падвышаецца. Толькі Аляксандар Казулін падчас галадоўкі за кратамі ў 2006 годзе змог на пэўны час апынуцца ў цэнтры палітычнага працэсу, прыцягнуць да сябе ўвагу і падвысіць папулярнасьць. Але, як вядома, выключэньне з правіла толькі пацьвярджае правіла.

Аднак ёсьць вялікае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі ад таго, што было раней. І яно палягае ў тым, што краіна перажыла мінулым годам рэвалюцыйны выбух, грамадзянскую сацыялізацыю, і палітызацыя грамадзтва захоўваецца на даволі высокім узроўні, чаго не было раней. І Віктар Бабарыка зьяўляецца самым папулярным палітыкам Беларусі.

Суд над Бабарыкам цягнуўся амаль паўгода, ягонае імя было ўвесь час адлюстравана на інфармацыйным экране. Таму цяпер ён і захоўвае папулярнасьць, і прыцягвае да сябе ўвагу. Спачуваньне да ахвяры рэжыму на нейкі час уздыме ягоны рэйтынг.

Але што далей? Калі цяперашняя палітычная рэакцыя зацягнецца, то непазьбежна адбудзецца дэпалітызацыя грамадзтва. Гэты трэнд ужо цяпер прыкметны. Так, упала колькасьць карыстальнікаў незалежных мэдыя ў параўнаньні зь мінулым годам.

Калі такая сытуацыя захаваецца, то праз пэўны час прозьвішча Бабарыкі будзе ўсё менш мільгаць на інфармацыйным экране. У цяперашніх беларускіх умовах цяжка рэалізаваць такі піяр-праект, каб чалавек, які сядзіць за кратамі, мог вызначаць палітычны парадак дня і быць у цэнтры ўвагі нават толькі палітызаванай публікі. Як тое ў свой час зрабіў Казулін. Улады лёгка могуць ажыцьцявіць інфармацыйную блякаду.