Get Mystery Box with random crypto!

Гадамі расейская прапаганда імкнулася прадставіць Украіну як f | Цыганкоў

Гадамі расейская прапаганда імкнулася прадставіць Украіну як failed state, раздзьмуваючы рэальныя альбо выдуманыя праблемы і недахопы ў жыцьці ўкраінскага грамадзтва.

Але два месяцы вайны красамоўна прадэманстравалі відавочнае -- сама Расея значна бліжэй да таго самага failed state, дзяржавы-банкрута, дзяржавы, якая не ўдалася. Год за годам там зьнішчаліся інстытуцыі і структуры, якія і характарызуюць паняцьце “дзейная дзяржава” ў сучасным сьвеце – справядлівы суд, выбары, зьмена ўлады, вольная прэса, палітычная канкурэнцыя, права ўласнасьці. Апошнія месяцы разбураюцца і іншыя базавыя рэчы – права на выезд, права на ўласнасьць, нават элементарны спажывецкі выбар.

У пірамідзе Маслоў у Расеі ўжо зьнішчаныя ўсе верхнія паверхі -- сацыяльныя ліфты не працуюць, эстытычныя і пазнавальныя патрэбы абмежаваны вайной і цэнзурай, самарэалізацыя становіцца магчымай толькі ў рамках максімальнай лаальнасьці ўладзе. З пачатку вайны знак сур’ёзнага пытальніка навіс ужо над ніжнімі паверхамі піраміды – бясьпека і самыя простыя фізіалагіяныя патрэбы – ежа, здароўе.

Тое, што застаецца – гэта не дзяржава ў сучасным разуменьні з усімі яе атрыбутамі, гэта хутчэй нейкая карпарацыя ці проста банда.