Get Mystery Box with random crypto!

​​​​Яўген Пуставой: 'Нашых дзяцей выхоўвалі і намагаюцца выхоў | The Belarus Times

​​​​Яўген Пуставой:
"Нашых дзяцей выхоўвалі і намагаюцца выхоўваць. На жаль, не толькі бацькі, настаўнікі ды ўвогуле нераўнадушныя і добрыя людзі, дзяржава. Нашых дзяцей выхоўвалі і спрабуюць выхоўваць тыя, хто прагне намі ўладарыць. Як уладараць прамысловымі і гандлёвымі рынкамі суседніх дзяржаў Балтыі альбо сэрцамі і галовамі суседзяў-украінцаў. Калі мы ўсю моц нашай краіны і грамадства не накіруем на выхаванне моладзі, то ўсё астатняе будзе марна.
...Карціна амаль гэтых дзён. Нядзельны настрой і сапраўднае майскае надвор'е на вуліцах сталіцы. Па галоўнай артэрыі па графіку рухаецца аўтобус-«сотка». У салоне шмат людзей з маленькімі дзецьмі. Стаіць маленькая такая інтэлігентная жанчына, мабыць, настаўніца ў мінулым, а насупраць сядзіць малады хлопец. Што называецца — сустрэча пакаленняў. Яна стаяла, а ён сядзеў. Стаяла прадстаўніца таго пакалення, якое адбудоўвала пасляваенную Беларусь, «узяло» цаліну і космас. Таго, што не дало разгубіцца краіне і грамадству, калі мы аказаліся на геапалітычным перакрыжаванні 1990-х. Ён сядзеў — як і ўсё маладое пакаленне. На ўсім гатовым. Моднік знайшоў словы апраўдання: «А чаго вы не сказалі, каб месца ўступіў?»
Так, мы шмат што не сказалі нашай моладзі. І ўжо якое пакаленне запар. У 1990-я акцябраты і піянеры — сышлі ў гісторыю, камсамол — запэцкалі брудам. Школа сышла з дыстанцыі ідэйнага выхавацеля. А бацькі? А што бацькі — у іх з-пад ног таксама выбілі глебу іх жа ідэалаў. Бацькі з торбамі стаялі ў чэргах па «дэфіцыт» альбо ў якасці чаўнакоў на мяжы з Польшчай. Вось і атрымалася тое пакаленне — пакаленнем матэрыяльных інтарэсаў. А ўжо потым тое пакаленне выхоўвала іншае. У 2020-х — калі краіна была ўжо накормленая. Калі бацька ў хаце — дзеці не бядуюць. Але ж сытым пакаленням падавай каштоўнасці па набліжаных да Захаду мадэлях выхавання. І ў медыя, і ў школе, а пасля — і праз сацыяльныя сеткі. Так, ёсць і пазітыўныя моманты. Але шмат што насцярожвае, менавіта таму трэба крычаць «ратуйце».
Таму што выхавалі закаваных у ідэалагічныя англіцызмы касмапалітаў, якія далёкія ад працы сваімі рукамі (нельга не тое што на ўборцы бульбы, а і нават у школьным агародчыку задзейнічаць). Яны больш прывыклі сядзець — на плячах бацькоў, дзяржавы і ў аўтобусах побач са сталымі людзьмі. Выхавалі «індывідуумаў», якім усе і ўсё «завінаваціліся». Бацькі і дзяржава. З аднаго боку дзеці павінны жыць лепш за бацькоў. З іншага — яшчэ Біблія папярэджвала: не стварайце са сваіх дзяцей куміраў, бажкоў, бо яны будуць расці і патрабаваць усё большых ахвяр. І бацькі для іх — «саўкі ды калгаснікі», і дзяржава — тая, што паставіла на крылы, — ненавісная, бо не дапасуецца да гаджэтаў самай апошняй мадыфікацыі.
Шчокі надзьмула і тупае нагамі дзіця, якое патрабуе ад бацькоў новую цацку. Карціна не вельмі прывабная, калі тому малечы гадоў пяць-шэсць. А калі яму 20 гадоў і ён ужо «гуляе ў палітыку»?
Згушчаць хмары на светлым майскім небе не буду. Хапае ў нас і адэкватнай моладзі. Патрыятычнай і паважлівай, бо засталася ў нас у памяці, на дзяржаўным і ментальным узроўні Вялікая Перамога. Але ці засталася яна ў галаве і сэрцы новага пакалення?

Таму не трэба здзіўляцца, што ў галовах «пакалення ванільнага латэ» — «шляхетнасць» і «еўрапейскасць». Праўда, у перайначаным, постмадэрновым разуменні. Бо ад пачатку еўрапейскасць — гэта не канфармізм, не гіперіндывідуальнасць, гэта — самаахвярнасць, гэта — паслухмянасць бацькам і ўменне ўзяць чужы боль. Ды і сапраўднае шляхецтва — гатоўнасць загінуць за Радзіму і род.
І «пагоня»— не сімвал беглых калабарантаў з неакаланіялістамі, а вершнік, што імчыць супраць юдаў свайго народа, роду, Радзімы.
Дзякуй богу, у беларускіх школах не выкладаюць «гендарныя перспектывы». Але налепак фонду USАІD яшчэ хапае ў адукацыйных установах. І садраць іх са сцен значна лягчэй, чым з самасвядомасці нашай моладзі. Дзіцячая псіхіка «ў зубах» хагі-вагі. «Ювеналка», «хэлаўіны», дні валянцінаў — і вось ужо «руліць» інстытут сям'і без роду і племені, а цяпер яшчэ і без полу. А «балонскія працэсы» бяруць на мушку інстытут дзяржавы."
#Пустовой #МЫБеларусь