Get Mystery Box with random crypto!

Прачытаў што Юліі Чарняўскай пад хатнім арыштам стала значна г | Стась Карпаў

Прачытаў што Юліі Чарняўскай пад хатнім арыштам стала значна горай. Бессэнсоўна тужіва ад таго, што прачытаў, як любімаму табой чалавеку становіцца горай - і на гэтым усё. Ты не можаш ні наведаць яго, ні пазваніць яму, гэтаму чалавеку.
Яму - горай, а ты прачытаў.
Дзядзя маёй жонкі па-ранейшаму сядзіць. Ні за што, а таму, што. І яму там таксама не становіцца лепей. Бутэлька самаробнай вішнёвай настойкі, якую я ў лісце абяцаў захаваць да дня ягонага вызвалення ужо атрымала першую зорачку.

Сядзяць дзясяткі цудоўных людзей, з якімі я асабіста знаёмы і сотні не менш цудоўных, з якімі мне не пашчасціла пазнаёміцца.
Нехта з'ехаў, нехта рыхтуецца "сесці".
І вось, што.
Ні адна ябацька з іхных ябацкаўскіх трыбунаў не скажа, што ворагі ворагамі, але ворага не абавязкова саджаць.

Памятаю, як мы спрачаліся, ці верна абыйшліся тады з "рэгнумаўцамі". Я казаў, што людзей можна за іх учынкі і пазіцыю не паважаць і нават ненавідзець. Але патрабаваць пазбавіць непрыемных табе людзей волі нельга.

Ну што ж. Адказваючы сабе на пытанне, хто такія нашы "ахоўнікі стабільнасці", я разумею, што іх самая выпуклая прыкмета - гэта стоадсоткавая аздінадушнасць у тым, што жыццё чалавека - гэта тое, на што патрэбная санкцыя ва ўпаўнаважаных органах і групах ідэалагічна правераных людзей.

Калі іх апанентаў б'юць, яны, ідэйныя і прафесійныя "антыфашысты" смяюцца і здзекуюцца з "сініх жоп", прапануючы падзякваць ім за тое, што не забілі.
А калі забіваюць - злуюцца, што жывыя маюць схільнасць аплакваць забітых.
Яны з радасцю каментуюць знешні выгляд і стан тысяч зняволеных у нейкай экзальтацыі абяцаючы пабудаваць для кожнага асабісты ці калектыўны лагер.

Прафесійныя пераможцы фашызма, для якіх фашызм - гэта проста слова, якое замяняе ім займеннік трэцяй асобы множнага ліку, занятыя толькі дэманстрацыяй асабістай вернасці чалавеку, які чвэрць стагоддзя не можа адчапіцца ад гэтай няшчаснай краіны, напісаннем даносаў і ламаннем жыццяў бацькоў і дзяцей пад скавытанні пра незалежнасць дзяржавы, каторую яны мэтанакіравана прадаюць оптам разам з жыхарамі "лагера".

Бо кожнае нованароджанае тут дзіця павінна ведаць, што жыць яму ці паміраць у турме, альбо ад кулі - вырашаць калегіяльна спецыяльныя людзі. Калі трэба, яны назавуць цябе фашыстам за сцяг, пад каторым іх прэзідэнт прымаў прысягу і будуць катаваць да смерці ў халодным склепе. А калі не трэба, то за катаванні іншых у халодным склепе назавуць цябе антыфашыстам, нават, калі ў цябе будзе свастыка пасярод лоба:
"Ведай, дзіцятка, для захавання міру ў Беларусі можна знішчыць усіх беларусаў. Можна знішчыць усіх. калі ты ахоўнік міру і сапраўдны антыфашыст".