Get Mystery Box with random crypto!

Недалёка ад вашага дома зноў прыстаўляюць нары. З 30-га колькі | Стась Карпаў

Недалёка ад вашага дома зноў прыстаўляюць нары.
З 30-га колькі мінула, мой дарагі Пясняру?
Час няроўна ішоў і зло, нібы мент на падпітку.
І не скажаш, што ён не пакінуў адбітку.
Проста час у гэтым краі не мае патрэбы ў пячатцы,
Ваш трыццаты мінуў каб закончыцца і наноў пачацца.
Так што – “хто там ідзе”? – дажыло да адказу.
- То Цанава, то Кнорын. То абодва адразу.
Ну і мы вось паўзем на кульгавай кабыле.
Зрэшты, думаю, што вы бы нас палюбілі:
Мы за трыццаць гадоў нагуляліся ў гета.
Назваліся людзьмі. Разабраліся з гэтым,
А ў астатнім ўсё тое ж і тая ж вакол спакуса:
Хоць скачы ў пралёт, хоць нажом сабе тыкай пуза.
Бо пытанне падобнасці – гэта пытанне кройкі.
Усё пазнаецца па контурах: і варанкі і тройкі
Стукачы і партыйцы, і ссівелыя іх гетэры.
І ўсё тая ж ахова з ключом ад любой кватэры.
Назваліся людзьмі ў час жыцця ў смярдзючым хлеве,
Каб не жыць, а хацець апынуцца нікім у цнатлівай плеве -
Хто не бачыць пакутаў і, гледзячы, памірае.
Нечым будучым сынам.
У шчаслівым
Свабодным краі.