Get Mystery Box with random crypto!

​​Cвой Ларс фон Трыер Ну, можа, не зусім Ларс і зусім ня «фон | Супер Мова

​​Cвой Ларс фон Трыер

Ну, можа, не зусім Ларс і зусім ня «фон» — але менавіта псэўданімам Л. Трыер часам падпісваў свае вершы паэт Сяргей Серада, больш вядомы як Сяргей Дарожны. Маладняковец, узвышэнец, «аматар выпіць і закусіць» (была і такая літаратурная суполка). Чалавек, якога хваліў сам Чорны.

Дарожны пісаў на інтэрнацкім ложку, адзіноты ня прагнуў, мог тварыць, нават калі вакол у кампаніі музаў «выпівалі і закусвалі» калегі па пяры і «пярыне». Такія, як і сам, наіўныя без наяўных... Ён любіў Ясеніна, падпісваў лісты з патрабаваньнем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі, беларускім нацдэмам, і сам быў не адзін раз абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне.

Адным словам, нармальны, звычайны такі беларускі паэт, зь якога невядома яшчэ хто мог бы атрымацца: мог яшчэ адзін Броўка, а мог і наш уласны Бродзкі... І толькі застаўшыся сам-насам з сабой, ён сапраўды аказваўся «адзін, як месяц». Пра гэта і напісаў сваё найлепшае. Ці ўсё ж не дапісаў...

Выгнаны з Саюзу пісьменьнікаў, у 1935-м Дарожны ўзяўся за кніжку пра Гікалу. Таго самага адэсіта, прафэсійнага азэрбайджанца і ганаровага ўзбэка, які жыве ў народнай памяці за цумам.

29 жніўня 1936 году ў пакой Дарожнага ў Першым беларускім завулку, 3А прыйшлі суворыя людзі з ордэрам на арышт. Нічога асаблівага не знайшлі: кніжачкі, часопісы, рукапісы...

І тут пільныя госьці пабачылі звычайны кухонны нож, які ляжаў акурат каля рукапісу кніжкі пра таварыша Гікалу. «Орудіе страшного преступленія» злавесна паблісквала, на лязо па-здрадніцку наліплі хлебныя крошкі і ледзь прыкметная пазелянелая палоска таннай каўбасы.

Іншыя доказы чэкістам былі ўжо непатрэбныя. Дваццацівасьмігадовага тэрарыста асудзілі на восем гадоў лягероў за падрыхтоўку замаху на першага сакратара ЦК КПБ. Дарожнага адаслалі будаваць Камсамольск-на Амуры. Змрочны горад пад крывадушным псэўданімам: назва «Зэкаўск-на-Касьцях» пасавала б гэтаму паселішчу значна лепш. Там і памёр тэрарыст Дарожны. На Амуры, узімку...

Тое, што забойца і агент імпэрыялізму не давяршыў у Менску, давялося канчаць чэкістам. Праз год пасьля суду над паэтам Дарожным у сталіцы быў расстраляны герой ягонай недапісанай кнігі Гікала, чалавек-вешчдок.

Каляндар Бахарэвіча - Беларускі завулак

Беларусь мая, слёзаў злітак!
Мы ўцяклі ад цябе так далёка,
Дзе, казалі, не будзеш біты
І жыццё будзе надта лёгкім.
...
Быў забітым ты, край мой родны,
Што крывёю палі імжыў,
Але веру - над Вільняй і Гродняй
Шчэ штандар волі будзе кружыць!

Сяргей Дарожны - Я мінуўшчыны не шкадую

#supermova #мова #каляндар #дарожны