Get Mystery Box with random crypto!

​​Стваральнік беларускага стылю ў архітэктуры Беларускі ар | Супер Мова

​​Стваральнік беларускага стылю ў архітэктуры

Беларускі архітэктурны стыль – які ён? Арганічны, у якім дойлідства й прырода мусяць сплятацца ў суцэльны гуманістычны асяродак. Стыль с дынамічнай кампазыцыяй, дзе нават бетонныя калёны й роспіс грызайлю імітуюць разьбу па дрэве.

Лявон Вітан-Дубейкоўскі, Дзень народзінаў якога мы адзначаем сёньня, стаяў у самых ягоных вытокаў.

Сапраўдны талент рэдка абмяжоўваецца адной сферай: Лявон Вітан-Дубейкоўскі быў ня толькі выбітным архітэктарам, але і грамадзкім дзеячам, педагогам, фалькларыстам і паэтам, які пісаў творы выключна па-беларуску. Ён першым абгрунтаваў і ўвасобіў ідэю нацыянальнага беларускага стылю ў будаўніцтве XIX – пачатку XX стагодзьдзяў. Гэта адзіны дойлід, які застаўся цалкам беларускім, не савецкім майстрам.

Маці, якая ніколі не цуралася сваёй мовы, кніжачка Францішака Багушэвіча – вось галоўныя сродкі нацыянальнай сьвядомасьці Дубейкаўскага. Працуючы ў Смаленску, ён пачаў зьбіраць беларускі фальклор і пісаць на роднай мове вершы, байкі, апавяданьні. Ягоныя байкі «Цягне воўк — пацягнуць воўка!» (1892) і верш «Бура» (1893) увайшлі нават у літаратурныя хрэстаматыі.

Калі ж хмары перастануць
Зацямняці нашы дне?
Калі ж праўда зноў паўстане
І прамень сьвятла блісьне?

Лявон выйшаў са старажытнага роду літоўскіх князёў. Пасьля заканчэньня школы і Мсьціслаўскага павятовага вучылішча бацькі яго адправілі на вучобу ў Варшаву – тым самым адкрылі акно ў шырокі сьвет архітэктуры. У 1902 годзе Дубейкаўскі паехаў у Пецярбург і працягнуў вучобу там, прагнуўшы Парыжа. Тры гады вучобы ў парыжскай Спецыяльнай архітэктурнай школе (Ecole Special d’Achitekture), дзе ён атрымаў дыплом архiтэктара-мастака, канчаткова сфарміравалi яго мадэрнiстам.

У Смаленску 25-гадовым юнаком ён адкрыў уласнае архітэктурнае бюро. Сярод галоўных ягоных твораў той пары — цэрквы ў Манастыршчыне i Ярцаве, скарбнiца ў Вязьме. У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўнiцтва мураванага касьцёла Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Смаленску ў духу неаготыкі. Вялiкi двухвежавы касьцёл таямнiчым чынам быў узьведзены ў рэкордна кароткія тэрмiны — усяго за два гады.

Прыкладна ў той жа час Дубейкаўскі правёў рэстаўрацыю касьцёлаў у Крычаве, Смалянах, Воршы, Сьвіслачы і Мсьціславе. Пазьней, жывучы ў Вiльнi, ён кiруе рэстаўрацыяй многiх помнiкаў, у прыватнасьцi кляштараў бернардынцаў i францысканцаў, што ацалелi дзякуючы яго рупнасьцi.

Увосень 1916 году ён атрымаў нечаканую прапанову ад ксяндза Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касьцёла. Разам са сваімі паплечнікамі Будзька фундаваў створаную ў той час газету Świetač, але галоўнай ягонай марай было стварэньне каталіцкай парафіі, дзе б казаньні й набажэнства чыталіся па-беларуску. Нажаль, праект так і застаўся на паперы.

Пазней, у 1927—1928 гадах, Дубейкаўскi рэалiзаваў iдэю драўлянай бажнiцы ў беларускiм стылi ў мястэчку Дрысьвяты Браслаўскага раёна, выкарыстоўваючы праект 1916 года як эскiз iдэi. У гэтым касцёле Святых Пятра i Паўла Дубейкаўскi цалкам увасобiў свае ўяўленьнi пра кампазыцыйныя й дэкаратыўныя адметнасьцi беларускай архiтэктуры.

Тым часам ён будуе мураваную царкву старавераў у Вiдзах, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзiбу ў Вiльнi, на Падгорнай. У 1925-м стварае Школу будаўлянага рамяства ў Вiльнi і кiруе ёй.

У 1927 годзе Дубейкаўскi нарэшце прыступiў да ўзьвядзення першай у сьвеце бажнiцы ў беларускiм стылi. Праз два гады высокiя вежы касьцёла ўзьнесьлiся па-над дрысьвяцкiмi разлогамi.

Ён, стваральнік беларускага стылю ў архітэктуры, да канца дзён застаўся рамантыкам, які шчыра верыў у здзяйсьненьне сваіх мар...

Скора прыйдзе да нас воля!
Ў родным краі — паміж нас —
Заясьнее шчасьце, доля.
Будзе сьвята — вялік час.

Паводле Сяргея Харэўскага, беларускага мастака, літаратара, гісторыка мастацтва.

#мова #supermova #архітэктура #дубейкаўскі #беларускістыль #дойлідства