Get Mystery Box with random crypto!

​​“Беларускае слова для мяне пачалося зь Някляева”: віншуем з | Супер Мова

​​“Беларускае слова для мяне пачалося зь Някляева”: віншуем з Народзінамі Мікіту Найдзёнава

Сёньня Дзень народзінаў сьвяткуе Мікіта Найдзёнаў – беларускі паэт і музыка, стваральнік і вядоўца музычнага квіза “Сам Шазам”.

Мікіта нарадзіўся 12 ліпеня 1990 году ў Пінску. У 17-гадовым узросьце ён перамог на “Днях беларускай і швэдзкай паэзіі” у Пінску і ў якасьці ўзнагароды падарожнічаў у Швэцыю. У 2013 годзе скончыў Інстытут журналістыкі БДУ.

Пісаць па-беларуску і слухаць беларускія песьні Мікіта пачаў у 19 гадоў. Ён адзначаў: “Зь Някляева практычна для мяне пачыналася беларуская паэзія, ды й беларускае слова наогул”. Пазьней ён надрукаваў свае вершы ў газэце “Літаратура і мастацтва”, а праз год атрымаў прэмію “Залаты апостраф” у намінацыі “Дэбют” за вершы ў часопісе “Дзеяслоў”.

У траўні 2020 году Ганна Шаркунова і Зьміцер Вайцюшкевіч засьпявалі кавэр на песьню Лэдзі Гагі і Брэдлі Купэра “Плыткі” (“Shallow”), тэкст да якога напісаў Мікіта Найдзёнаў. У кастрычніку 2021 у Менску адбылася імпрэза прысьвечаная The Beatles: два дзясяткі легендарных кампазыцый лівэрпульскай чацьвёркі пераклаў на беларускую мову Мікіта.

14 студзеня 2021 году Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў кліп на песьню «Неверагоднасьць», верш якой напісаў Найдзёнаў.
Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім: Мікіта Найдзёнаў прыдумаў квіз “Сам Шазам” з жывым бэндам. Як у яго гуляць, можна паглядзець тут – распавядае сам аўтар.

А вось той самы нумар “Дзеяслова” зь вершамі Мікіты.

Па гэтай спасылцы вы можаце падпісацца на Мікіту Найдзёнава ў Instagram.

І гэта яшчэ ня ўсё: Мікіта Найдзёнаў – адзін са стваральнікаў і вядоўцаў трэвел-блога “Бусь Беларусь” пра краіну, людзей і мясьціны, якім хочацца даць буську. Выпускі пра вандроўкі па несталічнай Беларусі можна паглядзець на гэтым канале.

Зычым Мікіце творчага разьвіцьця, яшчэ больш файных праектаў і натхняльных прыгод!

#мова #supermova #літаратура #музыка #паэзія #найдзёнаў