Get Mystery Box with random crypto!

Тэрміналогія ў класічнай архітэктуры досыць прапрацаваная, але | Спадчына

Тэрміналогія ў класічнай архітэктуры досыць прапрацаваная, але мае шмат розначытанняў і сінонімаў, што ўскладняе часам разуменне. З чаго ж складаецца ўваходны партал Нацыянальнага мастацкага музея?
1. Прафіляваная ліштва – дэкаратыўнае абрамленне праёма, адзін з найбльш распаўсюджаных архітэктурных элементаў у аздабленні фасадаў. Прафіляваны, бо складаецца з розных абломаў – прафілёчкаў разнастайнай формы (валік, абцасік, палічка). Пра абломы, магчыма, калі-небудзь разбярэм асобна;
2. Стаячы S-падобны (у выглядзе валюты) кранштэйн. Візуальная функцыя кранштэйна ў дадзеным выпадку  падтрымліваць магутны сандрык (3). Валютай называецца сам завіток, які выкарыстоўваецца ў розных элементах. Запомніць лёгка - нагадвае знак любімай беларускай валюты $;
3. Сандрык – дэкаратыўны элемент у выглядзе карніза, але ў адрозненні ад апошняга ён не завяршае сцяну, а размяшчаецца над праёмамі. Першапачаткова мусіў адводзіць ад праёмаў ападкі, але пасля стаў улюбеным дэкаратыўным элементам архітэктараў, якія сталі выкарыстоўваць яго дзе заўгодна і якой заўгодна формы.
4. Рустоўка – дэкаратыўная расшыўка тынкоўкі пад камень. У нашых шыротах прымяняецца на кожным першым класіцыстычным будынку, можа быць рознай ступені аб’ёмнасці, формы і фактуры. У дадзеным выпадку рустоўка прамавугольная, што вызначаецца не формай квадраў (імітаваных камянёў), а формай профілю швоў паміж імі;
5. Прафіляваная цяга. Карнізам з’яўляецца толькі элемент, які завяршае сцяну, усё астатняе мае ўласныя назвы. Менавіта назвы, бо сінонімаў для абазначэння дадзенага элемента багата: цяга, пояс, гурт і нават імпаст (магчыма нехта ведае аконны імпаст, дык вось у яго ёсць цёзка). Адзіная роля цягі – візуальна чляніць фасады на ярусы.

Другая карцінка – заданне «з зорачкай»:

6. Контрліштва – дадатковае абрамленне праёма звонку ліштвы (1), у адрозненне ад якой абрамляе не з трох бакоў, а толькі з двух бакоў. Менавіта на яе пасаджаны стаячы кранштэйн (2);
7. Фрыз – плоская паласа паміж ліштвай і сандрыкам. Пасадзіць сандрык на ліштву не вельмі вытанчана, таму яго адрываюць, пакідаючы пустую паласу, на якой вока “адпачывае”. Архітэктары могуць здзівіцца назве, але тут усё лагічна: у класічнай архітэктуры калоны і сцены нясуць гарызантальны антаблемент, які складаецца з трох частак – архітрава (уласна бэлькі), фрыза і карніза. Дык вось у дадзеным выпадку ролю архітрава выконвае верхняя паласа ліштвы, карніза – сандрык, а тое, што засталося паміж імім, лагічна сталі называць фрызам;

Пяройдзем да разбору сандрыка, які ўяўляе сабор карніз (хоць так называць яго не зусім слушна, гл. 5). Кожны класічны карніз складаеца з трох частак: апорнай часткі (8), гейсона (10) — вынасной пліты, і вянчаючай часткі (11). Апорная і вянчаючыя часткі набірюцца з розных абломаў. У апорную частку ўваходзіць таксама пояс мадульёнаў (9), які ўласна і трымаюць пліту гейсона. Мадульён, кранштэйн і кансоль – прынцыпова адно і тое ж, але “мадульён” амаль не выкарыстоўваецца па-за карнізам. Як і ўсе элементы ордарнай архітэктуры ён мае прататып у драўляным дойлідстве – выпускі крокваў, апорных канструкцый даху. Калі будзеце ў беларускай вёсцы, то паглядзіце пад страху, магчыма, у вас там тырчыць трошкі «Грэцыі».

#лікбез #савецкаяспадчына #тэорыя