Get Mystery Box with random crypto!

​​Мы забылі распавесці навіну – нас ліквідавалі! Мы на гэты к | RADNIANKOU

​​Мы забылі распавесці навіну – нас ліквідавалі!

Мы на гэты конт не перажываем, а вы можаце нас падтрымаць 

У жніўні сайт Мінгарвыканкама паведаміў, што інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Цэнтр новых палітычных, эканамічных і сацыяльных ідэй” падлягае ліквідацыі. Мы нават не рабілі запыту, за што, – бо і так зразумела. Мы адны з мноства незалежных арганізацый, якія хочуць, каб Беларусь стала прававой дзяржавай, а гэта ўжо парушэнне.

Гэта непрыемная навіна, але яна не змяняе нашых планаў.

Мы працягваем расці – у верасні да нас далучыўся выбітны беларускі сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Цягам бліжэйшага года мы плануем апублікаваць ледзь не тузін даследаванняў, чаго раней мы ніколі не планавалі. Даследаванне пра ідэю нейтралітэту ў замежнай палітыцы Беларусі, якое Рыгор піша разам з Паўлам Мацукевічам, выйдзе ўжо ў кастрычніку. Прыкладна ж у гэты час выйдзе даследаванне Лесі Руднік пра міжнародны вобраз Беларусі.

Нашыя лідарскія праграмы не спыняюцца. Школа маладых рэфарматараў, Urban Fellowship, Vitali Silitski Fellowship – усё гэта было і сёлета, будзе і ў наступным годзе.

На жаль, сённяшні палітычны клімат забраў у нас буйныя канферэнцыі, гастрольныя лекцыі па краіне, частку дыскусій мы былі наагул вымушаныя перавесці ў непублічны фармат. Але мы працягваем значную частку нашай працы ў анлайне і для многіх. Ужо зусім хутка мы абвесцім пра працяг нашай анлайн-канферэнцыі Reshape-2021.

Гэта не тое, што мы хацелі, але мы дастасоўваемся да сённяшніх умоваў. І ў гэтых новых умовах вы маглі б нам дапамагчы.

Мы запусцілі сваю старонку на Patreon – цяпер любы ахвотны можа ахвяраваць на нашу дзейнасць. Усе сродкі, якія мы збяром там, пойдуць на рэкламу, каб нашыя матэрыялы даходзілі да як мага большага кола людзей. Спасылка на патрэон.
 
На сувязі! І ведайце: гэта арганізацыя не ліквідуецца, што б на сайце Мінгарвыканкама не пісалі.