Get Mystery Box with random crypto!

Гомельскі партал «Моцныя навіны» – гэта TUT.by сярод рэгіяналь | RADNIANKOU

Гомельскі партал «Моцныя навіны» – гэта TUT.by сярод рэгіянальных СМІ, у яго былі мільёны праглядаў і сотні тысяч наведвальнікаў. Як і з TUT.by, сёння Пётр Кузняцоў сказаў, што бліжэйшым часам сайт не будзе працаваць і навіны будуць выходзіць толькі ў сацыяльных сетках. І хаця журналісты сутыкаліся з ціскам увесь мінулы год, менавіта летам 2021 адбыўся мэтанакіраваны пагром рэгіянальных медыя.

Гэта пры тым, што дзяржаўныя рэгіянальныя СМІ выглядаюць маргіналізавана: часта яна выходзяць у друкаваных версіях, кепска разумеюць як працуе інтернет і сацыяльныя сеткі. Звычайна іх можна пабачыць на стале кіраўніка выканкаму і яго падначаленых, далей распаўсюд не выходзіць за межы дзяржпрадпрыемстваў. Мясцовыя чыноўнікі заўсёды недалюблівалі рэгіянальныя СМІ, на іх погляд тыя толькі крытыкавалі ўлады, падсвечвалі гарадскія праблемы, задавалі нязручныя пытанні. Апошні год яны шмат пісалі і пра каранавірус, і пра пратэсты, і пра рэпрэсіі.

Закрыццё сайтаў рэгіянальных СМІ прывядзе хутчэй за ўсё да выпадзення часткі жыхароў рэгіёнаў з прадэмакратычнай інфармацыйнай павесткі. Каля 3 млн наведвальнікаў TUT.by ператварыліся толькі ў 500 000 падпісантаў у Тэлеграме, падобнае будзе і з Моцнымі навінамі, і з іншымі рэсурсамі. Гэтыя людзі не пяройдуць і да дзяржаўных медыяў, нехта можа пераключыцца на расійскія СМІ, але збольшага мы рызыкуем згубіць заўважную частку жыхароў рэгіёнаў.