Get Mystery Box with random crypto!

Ты нам раскінулась лесам, балотамі, Выдмай пясчанаю, неураджай | Палявая пошта

Ты нам раскінулась лесам, балотамі,
Выдмай пясчанаю, неураджайнаю,
Маці-зямліца, і умалотамі
Хлеба нам мерку не даш звычайную.

А сын твой, беднай адзет сярмягаю,
З лыка пляцёныя лапці абуўшы,
Едзе драбінамі ці калымагаю,
Конем, што цягне, як бы заснуўшы...

Усё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык-араты дзеля злой долі,
Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,
З табой расстацца не жджэ ніколі.

I непрыглядную хату з пажыткамі,
I поле скупое, выган без пашы
Мы, апрануўшыся старымі світкамі,
Любім і цэнім − бо яны нашы.

Дасць Бог, крывавым потам аратаму
Здабрыць пясчану зямліцу здарыцца,
Быць добра сытаму, хоць не багатаму,
А дзеля свята і чарка нам зварыцца.

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
I будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй − доляй шчасліваю!..

1891 г.