Get Mystery Box with random crypto!

Дзесяць прыказаньняў для беларускага жаўнера 1. Калі ты права | ✙ZOŁAK✙

Дзесяць прыказаньняў для беларускага жаўнера

1. Калі ты праваслаўны, — ня думай, што ты расіец. Калі ты каталік, — ня думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі пабеларуску, бо гэта — твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваей роднай мовы, той ня сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здрайца свайму народу. Твой край, народ і мова ня горшыя за іншыя краі, народы і мовы.

2. Шануй гонар і волю Беларусі. Будзь шчырым абаронцам сваей зямлі. Сьмела ваюй з тымі, хто хоча забраць тваю гасподу. Калі хочаш сам быць гаспадаром сваей працы, дык ты павінен, як усе іншыя народы, не баючыся сьмерці, са зброяй ў руках пайсці на ворага, каторы забірае тваю зямлю. А калі пабаішся сьмерці і пусьціш ворага да сябе, дык ён заваюе твой край, і ты ў яго, як парабак пойдзеш на сьмерць, бараніць чужыя інтарэсы, як ты і дагэтуль праліваў кроў за чужых.

3. Ты павінен зразумець, што воля — гэта ня ёсць грабаваць, адбіраць чужую ўласнасьць і ня слухаць разумнейшых людзей. Хто гэтак робіць — даводзіць свой край да голаду і няшчасьця, паганіць сваё імя і дапамагае няволі. Праўдзівая і разумная воля робіць у краі парадак, папраўляе дабрабыт усіх людзей, каб яны былі ўсе роўные, сытые і добра адукаваные і каб карысталі самі з сваей працы. Гэта можа быць толькі тады, калі адважна будзеш ваяваць.

4. Ты павінен быць гордым і шчасьлівы тым, што стаіш пад Беларускім Нацыянальным Сьцягам, што ты ўзброены дзеле таго, каб стаяць за роўнасць Беларусі з другімі народамі зямлі. Сваю беларускую славу ты павінен бараніць да апошняй кроплі крыві.

5. Ты павінен памятаць, што тваё ўласнае шчасьце і шчасьце ўсяго Беларускага Народу — ў тваіх руках. Ты павінен быць шчырым і верыць ў сваю правату, ў сваю сілу, зразумець, што ты ня горшы за ўсіх і маеш право жыць сваім асобным жыцьцём. Але гэтага кожны народ дабіваецца сілай, каторая і ёсьць у цябе.

6. Памятай, што праз доўгіе вякі толькі цяпер наступіў момант, калі можаш называцца Беларускім жаўнерам, калі можаш класьці фундамэнт для новага жыцьця Беларусі і быць самім сабою. Калі цяпер прапусьціш гэты момэнт, дык потым сам праклянеш сваё гаротнае жыцьцё пад чужацкай няволяй.

7. Калі хто з ворагаў беларускай справы зьвернецца да цябе з салодкімі словамі і скажа табе: Будзь, як і быў дагэтуль, пад цёплай апекай Расіі, ці якога іншага народу, дык ня вер яму-гэта твой найгоршы вораг. Гэта-адзін з тых, каторые дагэтуль цябе трымалі ў няволі нацыянальнай, сматкалі тваю крывавую, потную працу і ты быў гноем для яго народу. Ня вер яму, бо ён хоча мець цябе за парабка і надалей. Шануй тых з чужых народаў, якіе шануюць і цябе, як Беларуса.

8. Калі хто з тваіх таварышоў пачне цябе падбухторваць, каб перайсьці да варожага стану, дык твой сьвяты абавязак справядлівага чалавека, шчырага жаўнера і вернага сына Беларускай зямлі, адвярнуцца ад яго з агідай, й бо ён здрайца. Здрайство — гэта самая найвялікшая подласьць і гідасьць, каторая нішчыць краі і народы. За здрайство павінна быць самая цяжкая кара.

9. Твой начальнік — гэта твой брат і таварыш па стужбе. Ён такі-жа салдат, як і ты. Толькі па сваёй адукацыі вайсковай ён, як спецыяліст, паказывае табе, што рабіць. Калі ёсьць дысцыпліна, ёсьць парадак. Дысцыпліна і асьвядомленнасьць кожнага салдата — галоўная аснова пабеды. Нашая прыказка кажа: без правадыра войско гіне.

10. Кожны беларускі ваяка, ад звычайнага радавога да гэнэрала, павінен памятаць, што ён, — абаронца незалежнай Беларусі, —адзін з найлепшых грамадзян роднай зямлі і займае самае пачэснае месцо ў грамадзянстве.

Падаў З. Бядуля