Get Mystery Box with random crypto!

Сённяшняя навіна аб забароне незалежных прафсаюзаў – сведчанне | Народны дэпутат

Сённяшняя навіна аб забароне незалежных прафсаюзаў – сведчанне чарговай помсты ўлады за 2020 год.
Спасылкі на экстрэмізм і дэстрыктыўную дзейнасць не толькі сябраў і супрацоўнікаў прафсаюзаў, але і ўвогуле арганізацый як юрыдычных асоб, таемны характар працэсу, іскі генеральнага пракурора праз Вярхоўны суд, што не дазваляе абскардзіць гэтыя рашэнні – усё гэта сведчыць пра палітычны характар рашэнняў, якія знаходзяцца даволі далёка ад буквы, і тым болей, сэнсу закона.

Праз рашэнне Вярхоўнага суда і іскі генеральнага пракурора бачна, што Беларусь знаходзіцца ў стане вайны, як, насамрэч, усе краіны былога СССР, акрамя Прыбалтыкі. Гэта вайна дзвюх сістэм – умоўна імперскай, дзе ёсць вертыкаль, максімальны кантроль усяго дзяржавай, улада асобы, і умоўна рэспубліканскай, дзе ёсць сістэма стрымак і проціваг, незалежны ад дзяржапарата суд, прафсаюзы, свабода меркаванняў. Ва Ўкраіне таксама вайна ідэй: празаходняй дэцэнтралізацыі і ўсходняга цэнтрызму. У Беларусі яна ідзе больш натуральна, нават пры падтрымцы ўсходняга вектара Расіяй, але ж яна ідзе і прыйдзе да нейкага завяршэння, і хутчэй за ўсё будзе мець нешта сярэдняе, па меншай меры гэта маё меркаванне.

Дзейная ўлада ні нейтральная, ні сярэдняя, ні прабеларуская, а менавіта праўсходняя, таму па шляху развіцця дзяржавы і грамадства, дзе балансам будзе сярэдзіна, улада згубіць шмат чаго, у тым ліку з-за такіх рашэнняў па ліквідацыі беларускіх незалежных аб'яднанняў і нацыянальных ініцыятыў.
Магчыма, улада і хацела б злесці з праўсходняй, чытай расійскай, іголкі, але ж сама вінавата, што з сярэдзіны 90х прыхіляла краіну да Расіі, не дазваляючы развівацца беларускаму полю у сваім накірунку.

Палітычныя і працоўныя патрабаванні нярэдка змешваюцца, а публічная палітыка ў нас манапалізавана ўладай, таму ліквідацыя незалежных прафсаюзаў – гэта ліквідацыя палітычных канкурэнтаў. Выхад сілавікоў, судоў і пракуратуры на пярэдні план палітычнай барацьбы сведчыць не толькі аб тым, што ў прадзяржаўных прафсаюзаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў няма актыўнай і ініцыятыўнай падтрымкі з боку грамадства. У першую чаргу гэта сведчыць аб тым, што валодаючы шматлікімі інструментамі прымусу, бюджэтам і арміяй чыноўнікаў улада не ўмее больш нічога. Адабокасць дзяржаўных рашэнняў, крызіс новых думах, паўсюдная кадравая іржа, прымяненне толькі "кнута" прывядзе да таго, што новае сацыяльнае ўзрушанне можа хваляй знесці тое, што зараз называецца вертыкаллю ўлады.

Ваш народны дэпутат