Get Mystery Box with random crypto!

Тлумачыць Юрась Бушлякоў: 'Пагаворым сёньня пра два беларускі | Лёгкая Мова

Тлумачыць Юрась Бушлякоў:

"Пагаворым сёньня пра два беларускія словы — ДАХ і СТРАХÁ.

Гаворачы па-беларуску, мы, як правіла, ужываем абодва названыя словы — і спаконвечную нашую "СТРАХУ", і вельмі даўняе пазычаньне зь нямецкай "ДАХ". У жывой народнай мове крытую саломай страху вясковай хаты могуць назваць і дахам, а, скажам, двухсхільны чарапічны дах камяніцы — страхою. Ніколі не назавуць страхою хіба толькі плоскі дах, прыкладам, дах гарадзкога шматпавярховіка.

Нельга не прызнаць, што многія носьбіты беларускай літаратурнай мовы звычайна асацыююць страху толькі з саламяным пакрыцьцём, называючы кожную інакшую верхнюю частку будынку дахам. Такое вузкае разуменьне страхі дыктуюць акадэмічныя расійска-беларускія слоўнікі: чытаем там, што страха — гэта тое, што з саломы або чароту. Іншыя нарматыўныя даведнікі, да прыкладу, тлумачальныя слоўнікі, у большай ступені ўлічваюць факты аўтэнтычнай беларускай мовы, дапускаючы ўжываньне слова страха таксама й на абазначэньне даху, крытага, скажам, шыфэрам або чарапіцаю (дахоўкаю).

Гэтак:

У літаратурным маўленьні вельмі шырока можна выкарыстоўваць назоўнік дах — называць гэтым словам самыя розныя паводле формы й матэрыялу верхнія часткі будынкаў.
Страхою можам назваць няплоскі дах — ня толькі вясковае хаты, але й сучаснага катэджу.

Гаворым па-беларуску:

дах гаража, дах палацу,
шыфэрны дах або шыфэрная страха,
двухсхільны дах мураванкі або двухсхільная страха мураванкі,
саламяная страха."